Справа Віктара Бабарыкі і топ-менеджараў «Белгазпрамбанка» перададзена ў Генпракуратуру

Крымінальная справа ў дачыненні да топ-менеджараў ААТ "Белгазпрамбанк" перададзена Следчым упраўленнем КДБ у Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд.
.

b_3_1.jpg


Пра гэта паведамляе КДБ.
Паводле ведамства, абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы.
Хадайніцтваў аб спыненні крымінальнага пераследу па прадугледжаных Крымінальным кодэксам падставах, а таксама аб правядзенні дадатковых следчых дзеянняў ніхто з абвінавачаных, за выключэннем В. Бабарыкі, не заявіў.
Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных пакінутая ранейшай: сем чалавек, у тым ліку В. Бабарыка, знаходзяцца пад вартай, адзін — пад хатнім арыштам.
Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ 18 чэрвеня. Следства раней заяўляла, што ў «Белгазпрамбанку» была створана арганізаваная злачынная група.
У лістападзе КДБ паведаміў, што завершанае папярэдняе расследаванне ў дачыненні да топ-мэнэджэраў ААТ «Белгазпрамбанк». У прыватнасці, былому старшыні праўлення Белгазпрамбанка Віктару Бабарыку прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 ч. 2 арт. 235 КК Рэспублікі Беларусь па фактах атрымання хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, а таксама легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры адпаведна, інфармавалі ў камітэце.
Намеснікам старшыні праўлення банка Сяргею Шабану, Аляксандру Ільясюку, Кірылу Бадзею, Дзмітрыю Кузьмічу, а таксама былым першаму намесніку старшыні праўлення Аляксею Задойку і намесніку старшыні праўлення Сяргею Дабралету прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь.
Заснавальніку ТАА «Активлизинг» Віктару Кабяку прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь (дача хабару ў буйным памеры).
Бабарыка збіраўся балатавацца ў прэзідэнты Беларусі, але яму было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам.