Стартаваў яшчэ адзін сезон праекта «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні
Беларусы і беларускі могуць будаваць свой дом, ствараць камфортнае для
сябе асяроддзе, у якой краіне яны б не жылі. Яны могуць самастойна не толькі запускаць, але і фінансаваць патрэбныя ім для гэтага праекты. Як пройдзе «Новая Беларусь» у гэтым годзе і
што будзе новага?
6 лютага стартаваў новы сезон праекта лічбавага самакіравання «Новая Беларусь». Гэта ўнікальны праект, дзе беларусы і беларускі могуць самі прафінансаваць рэалізацыю сваіх ідэй.
«Новая Беларусь» — гэта пляцоўка, дзе сустракаюцца людзі з прагай захаваць сваю беларускасць, нараджаюцца ідэі і збіраюцца грошы, каб рэалізаваць тыя з іх, якія абяруць самі ўдзельнікі і ўдзельніцы праекта.
Летась праект па лічбавым самакіраванні быў пілотным. «Новая Беларусь» пратэсціравала падрыхтаванасць беларускай супольнасці браць на сябе адказнасць за вырашэнне нацыянальных праблем. А таксама арганізатары праверылі, як працуюць інструменты прыняцця сумесных рашэнняў, распрацаваных камандай спецыяльна для праекта.
У тым годзе да праекта далучылася як мінімум 265 удзельнікаў і ўдзельніц (дакладная колькасць невядомая, бо частка людзей фундавала партнёрам свой адсотак ад падаткаў, але не дасылала нам скрын дэкларацыі, таму іх не здолелі ўлічыць).
Было сабрана каля 47 000 еўра, на якія ў Літве ўжо запусцілі бібліятэку беларускай кнігі , а ў Польшчы ствараюць сайт па сапраўднай гісторыі Беларусі (падрабязнасці — ужо хутка).
Уявіце, якія маштабныя і амбіцыйныя ідэі можна будзе рэалізаваць, калі да «Будуй сваё» ў гэтым годзе далучыцца 5000 беларусаў і беларусак.
Арганізатары адзначылі, што, бачачы гатоўнасць беларусаў і беларусак браць на сябе адказнасць, яны палепшылі некалькі інструментаў, крыху змянілі ход праекта і цяпер гатовы яго маштабаваць.
Як пройдзе «Новая Беларусь» у гэтым годзе і што будзе новага?
Новая назва
Тэставы запуск выкрышталізаваў галоўную каштоўнасць праекта і яго асноўны сэнс. Беларусы і беларускі могуць будаваць свой дом, ствараць камфортнае для сябе асяроддзе, у якой краіне яны б не жылі. Яны могуць самастойна не толькі запускаць, але і фінансаваць патрэбныя ім для гэтага праекты.
У іх ёсць для гэтага ўсё неабходнае: любоў адзін да аднаго, прага і талент ствараць, рэсурсы рабіць гэта прафесійна і эфектыўна.
Праект лічбавага самакіравання — гэта пляцоўка, дзе беларусы і беларускі могуць аб’яднаць свае рэсурсы і скіраваць іх на вырашэнне агульных праблем, лакальных і маштабных — ці гэта будзе беларускамоўны дзіцячы гурток, ці анлайн-праект для атрымання новых прафесій.
У новым сезоне праект запускаецца з адпаведнай яго каштоўнасцям назвай — «Будуй сваё».
Арганізатары заклікаюць беларусаў і беларусак з любой краіны далучыцца і будаваць сваё, са сваімі і для сваіх.
Новы маштаб
Сёлета ў праекце «Будуй сваё» змогуць паўдзельнічаць беларусы і беларускі з любой краіны, а не толькі з Літвы ці Польшчы, як летась.
Для гэтага быў запушчаны новы кірунак праекта — Global. Гэта магчымасць зноў усім аб’яднацца вакол агульнай мэты і адчуць, што ніякага падзелу паміж беларусамі і беларускамі няма, нягледзячы на кіламетры паміж імі.
Новая механіка
Пілотны праект выявіў недахопы распрацаванай механікі — у гэтым годзе арганізатары паведамілі, што выправяць іх. Напрыклад, вядома, што людзям не падабаецца фундаваць грошы на невядомыя ідэі. Таму ў гэтым годзе прыём ідэй стартуе неўзабаве пасля старту прыёму фундушаў.
Стала зразумела, што не ва ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц з класнымі ідэямі ёсць досвед запуску праектаў. Каб яны адчувалі сябе больш упэўнена, будзе працаваць навучальны блок пра рэалізацыю ідэй. А таксама створана сістэма, каб аўтарам выдатных ідэй было неабавязкова іх самастойна рэалізоўваць.
Хоць большасць беларусаў і беларусак гатовая фундаваць грошы, аднак жа запыт прапаноўваць і абмяркоўваць ідэі ёсць у меншасці. Але і тыя, і другія — аднолькава цэнныя для праекта. Каб данесці гэтую думку, былі створаны некалькі ролевых мадэляў для ўдзельнікаў і ўдзельніц.
Як далучыцца
Далучыцца да «Будуй сваё» можна наўпрост цяпер двума спосабамі:
- Праз падатковую дэкларацыю: зафундаваць 1,5% (у Польшчы) ці 1,2% (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасць у партнёрскія ўстановы «Новай Беларусі» пры запаўненні дэкларацыі.
- Праз унёсак: пералічыць ад 35 еўра.
Рэквізіты партнёраў праекта, гайды, як запоўніць дэкларацыю, таймлайн праекта, а таксама адказы на папулярныя пытанні можна знайсці на сайце.
Мы ўпэўнены: беларусы і беларускі могуць запускаць маштабныя і значныя для супольнасці праекты самастойна на свае грошы, без дапамогі донараў і фондаў.
Учора больш за 265 беларусаў і беларусак стварылі бібліятэку і важны сайт. Сёння 5000 беларусаў і беларусак могуць запусціць анлайн-платформу для навучання ці рэабілітацыйны цэнтр для былых палітзняволеных.