Суд адклаў справу аб прыпыненні дзейнасці Магілёўскага праваабарончага цэнтра
Ленінскі суд Магілёва адклаў разгляд справы аб прыпыненні дзейнасці Магілёўскага праваабарончага цэнтра па прычыне адсутнасці юрыдычнага адрасу.
Нагадаем, у верасні галоўнае ўпраўленне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама накіравала ў абласны суд пазоў з просьбай прыпыніць на тры месяцы дзейнасць Магілёўскага праваабарончага цэнтра (МПЦ) па прычыне адсутнасці ў яго юрыдычнага адрасу. 1 кастрычніка кіраўніцтва МПЦ заявіла аб заключэнні дамовы на атрыманне юрыдычнага адрасу.
«Справа прыпынена па хадайніцтве абодвух бакоў, паколькі знікае падстава пазову — адсутнасць юрыдычнага адрасу. А прадмет пазову — гэта тое, чаго яны хочуць, — тры месяцы прыпынення дзейнасці МПЦ з мэтай ліквідацыі недахопу. А мы фактычна яго ліквідавалі», — распавёў БелаПАН старшыня праўлення МПЦ Барыс Бухель. Ён паведаміў, што рашэнне аб прыпыненні разгляду справы было прынята 9 кастрычніка.
Па словах праваабаронцы, МПЦ падаў заяву ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі на рэгістрацыю новага юрыдычнага адрасу. «На працягу месяца стане вядома, ці будзе зарэгістраваны новы адрас», — сказаў Бухель.
Раней арганізацыя ўжо падавала ва ўпраўленне юстыцыі звесткі аб змене юрыдычнага адрасу, аднак з-за недакладнасці ва ўказанні плошчы арандаванага памяшкання змены ў статутныя дакументы не былі зарэгістраваныя. Пасля на арэндадаўца-камерсанта пачаўся ўзмоцнены ціск розных кантралюючых органаў з мэтай прымусіць яго адмовіцца ад прадастаўлення праваабаронцам юрыдычнага адрасу, нагадаў Бухель.