Суддзя, які адхіляў скаргі пакараных журналістаў, пайшоў на павышэнне

 Брэсцкі суддзя Аляксандр Саўчук прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь.

_vjarhouny_sud__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Цяпер ужо былы суддзя Брэсцкага абласнога суда Аляксандр Саўчук прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Гэта вынікае з указа А. Лукашэнкі № 186 “Аб назначэнні і вызваленні суддзяў”, падпісанага 30 траўня. Падчас працы ў абласным судзе Аляксандр Саўчук адзначыўся тым, што не задаволіў скаргі незалежных журналістаў, які былі прыцягнутыя да адказнасці судамі першай інстанцыі.

Так, у жніўні 2020 года суддзя Аляксандр Саўчук адхіліў скаргу журналіста незалежнага выдання “Ганцавіцкі час” Аляксандра Пазняка, якога суд Баранавіцкага раёна пакараў штрафам у памеры 30 базовых велічынь (на той момант 810 рублёў) за анлайн-трансляцыю з плошчы ў Ганцавічах, дзе 20 чэрвеня адбывалася стыхійная акцыя пратэсту.

Дарэчы, падчас разгляду скаргі ў Брэсцкім абласным судзе суддзя Аляксандр Саўчук прапанаваў, каб журналіст “Ганцавіцкага часу” сам у прававой форме патлумачыў, якія артыкулы заканадаўства былі парушаны суддзёй першай інстанцыі і супрацоўнікамі міліцыі, якія брутальна затрымлівалі удзельнікаў акцыі і журналістаў, што асвятлялі пратэст.

А 28 верасня 2021 года суддзя Аляксандр Саўчук разглядаў касацыйную скаргу карэспандэнта інтэрнэт-партала “Першы рэгіён” з Драгічына Сяргея Гардзіевіча. Журналіст быў пакараны судом Іванаўскага раёна на 1,5 гады пазбаўлення волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса (188, 368 і 369) — яго абвінавацілі ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі, знявазе супрацоўніка міліцыі і ў паклёпе ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Справа тычылася нібыта каментароў ад імя Сяргея Гардзіевіча ў сацыяльных сетках. Сам журналіст віну не прызнаў і сцвярджаў, што каментары належаць не яму.

На разгляд скаргі ў Брэсцкім абласным судзе Сяргея Гардзіевіча не прывозілі, а адвакаты даведаліся, што суддзя Аляксандр Саўчук пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў, і таму прысуд канчаткова ўступіў у сілу. Праваабаронцы прызналі Сяргея Гардзіевіча палітвязнем.

Паводле прэс-службы БАЖ