Сваякам не аддаюць цела памерлага ў калоніі Вітольда Ашурка

У пятніцу, 21 траўня, стала вядома пра смерць палітвязня Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі. 24 траўня родныя не ведаюць, калі ім выдадуць цела памерлага, піша «Белсат». Пра прычыны смерці ім сказалі адно: «Спынілася сэрца».

vitold_1sopj_1.jpg


Брат памерлага Андрэй Ашурак расказаў «Белсату», што раніцай 24 траўня дазваніўся да следчага, які праводзіць праверку. Той запісаў яго нумар тэлефона і сказаў: «Чакайце званка, эксперты працуюць». На пытанне, ці могуць родныя забраць цела Вітольда Ашурка, следчы адказаць не змог, прасіў чакаць.
«Мы даведаліся пра тое, што Вітольд памёр, вечарам у пятніцу — а тут субота і нядзеля, — расказвае Андрэй Ашурак. — Гэта ў нас трагедыя, а там выхадныя».
У пятніцу ўвечары удаве Вітольда Вользе сказалі, што яе муж памёр у калоніі ад спынення сэрца. Гэта ўсё, што сям’я памерлага ведае пра прычыны смерці. З усімі далейшымі пытаннямі трэба звяртацца ў Следчы камітэт. Вольга кажа, што сэрца ў Вітольда было здаровым.
У Вітольда Ашурка было шмат знаёмых, людзі прыходзяць выказаць спачуванні і дапамагчы сям’і. Андрэй зазначае, што пытанне цяпер не ў грашах, а ў тым, каб годна пахаваць Вітольда.