Сваякі загінулага 19-гадовага хлопца не вераць у версію МУС
Як высветліла Еўрарадыё, 19-гадовага хлопца, якога МУС Беларусі называе трэцім загінулым удзельнікам масавых пратэстаў, завуць Арцём Парукоў.
Яго сваякі не ведаюць, ці сапраўды ён удзельнічаў у масавых акцыях у той дзень. Яны не вераць у версію смерці хлопца, якую выклала міліцыя.
"У той момант Арцём дакладна ні ў чым не ўдзельнічаў, а проста ішоў дадому, — распавядае Еўрарадыё стрыечная сястра загінулага хлопца. — Але чамусьці — мы не разумеем, чаму — яму спатрэбілася перабегчы з таго боку вуліцы, на якім знаходзіцца наш дом, на іншы бок. Пешаходны пераход зусім побач — чаму ён не пайшоў па ім? Мы думаем, што ён трапіў пад машыну, спрабуючы ад некага ўцячы".
Па версіі міліцыі, кіроўца VW заўважыў Парукава, які ішоў па праезнай часці Партызанскага праспекта, і папярэдзіў яго. Але хлопец не адрэагаваў і неўзабаве трапіў пад "Рэно".
Сваякі Арцёма Парукова шукаюць любыя відэа, на якія магло трапіць здарэнне.