Свята ў асаблівых умовах

«Мне здаецца, што ў гэтым годзе мы святкуем Каляды неяк асабліва, — абмовіўся Аляксандр Лукашэнка 27 снежня мінулага года на сустрэчы з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. — Я адчуваю, і настрой зусім іншы…» Рэдкі выпадак, калі мусіш пагадзіцца. Сапраўды так. На жаль. І на бяду.



asablivaje_sviata.jpg

Напад спецкаманды сілавых структур увечары 19 снежня, яшчэ да заканчэння выбараў, на групу кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, яго збіццё да беспрытомнасці, з наступным арыштам і выкраданнем са шпіталя. Брутальны разгон мітынгу на плошчы Незалежнасці. Дзясяткі збітых да крыві, сотні арыштаваных і асуджаных.
Хваля масавых вобшукаў і арыштаў, у наступныя, аж да навагодняга свята, дні. Без перадыху нават на 25 снежня — дзень Раства Хрыстова. Дзень спакою і радасці. Дзень узаемадаравання. Дзень шчаслівых пажаданняў і надзей.
Сотні людзей адсвяткавалі Раство і сапраўды «асабліва» — за кратамі. А 27 з іх — яшчэ з большай асаблівасцю — у знакамітай «амерыканцы», унутранага СІЗА КДБ, пад пагрозай быць асуджанымі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў зняволення па. ч. 1 і 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках). Сярод іх 5 кандыдатаў у прэзідэнты: Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі. І хаця апошні адпушчаны з турмы пад падпіску аб нявыездзе, абвінавачванне з яго не знятае. Па тым жа абвінавачванні, але ў статусе падазраваных, пад падпіскай, знаходзяцца яшчэ два кандыдаты — Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус. 7 з 9 кандыдатаў. Інакш чым расправай над апанентамі, гэта не выглядае.
У чым жа пралічыліся ўтрымальнікі ўлады? Што перапоўніла іх чашу цярпення? Адказ знойдзем у выказваннях А. Лукашэнкі. Да выбараў: «Пацерпім яшчэ два тыдні». «Плошчы не будзе». І адразу пасля выбараў, пасля разгону плошчы: «Вы, як і я, адчулі, што мы такую дэмакратыю тут развялі, што далей няма куды».
Як часта гучалі сцвярджэнні аналітыкаў аб страху, што пранізвае беларускае грамадства ці не на генетычным узроўні. І гэта — так. Аднак хапіла літаральна пару месяцаў лёгкага аслаблення аўтарытарных абцугоў, каб дух свабоды адціснуў дух страху на ўзбочыну грамадскай свядомасці. Хапіла выступаў альтэрнатыўных кандыдатаў у наўпроставым эфіры, каб у прапагандысткай завесе маны з’явіліся непапраўныя прарэхі.
Для самога рэжыму адкрылася, што рэпрэсіямі і прапагандай не ўдалося нейтралізаваць ні грамадскія арганізацыі, ні незалежныя СМІ, што не хапіла ні БРСМ, ні сацыяльных падачак і саступак, ні шчодрых абяцанак, каб схіліць на свой бок патрэбную частку грамадства. Што збоі пачала даваць нават адпрацаваная працэдура датэрміновага галасавання, і рэальны працэнт бюлетэняў «за» адзінага палітыка істотна не дацягнуў нават да ўзроўню 2006 года.
Выбарчая кампанія паказала, што сацыяльны баланс, які гарантуе любому таталітарнаму ці аўтарытарнаму рэжыму ўстойлівасць, пагрозліва пахіснуўся. Гэта ўсяго толькі абавязковы прапагандысцкі таталітарны міф, што правадыра, айца народа, любіць і шануе ўсё грамадства, увесь народ, уся нацыя. На самай справе, такім рэжымам патрэбна, каб частка грамадства сапраўды іх падтрымлівала, частка сапраўды любіла і пакланялася, а частка папросту баялася і маўчала. Ну і, зразумела, патрэбна машына рэпрэсій у звязцы з прапагандысцкай, якія мусяць працаваць бесперапынна. Збоі — смерці падобныя.
А тут адкрылася, што слой адданых вельмі вузкі, што сацыяльны пакет — замалы, а рэсурс вычарпаны, што рэпрэсіі патрэбнага эфекту не далі, а прапаганда струхлела. Што ў рэжыму няма прывабнай ідэалогіі. Усё гэта і адчула ўлада, калі не розумам, дык інстынктам. І таму: спецназ — на плошчу, агонь дубінкамі. Галоўнае камандаванне ўзяў на сябе А. Лукашэнка, аб чым сам засведчыў на прэсавай канферэнцыі 20 снежня.
Плошча–2010 у колькасці ад 20 да 40 тысяч чалавек — гэта стыхійны ўсплёск сацыяльнай энергіі пратэсту. Прычым людзей новых, якія на мітынгі не хадзілі. Розных узростаў, але пераважна маладых. Рэжым прайграў новае пакаленне, якое пры гэтым рэжыме і вырасла. Арганізаваная апазіцыя даўно ўжо, а кандыдаты падчас кампаніі, збіралі на свае вулічныя акцыі не больш за 2 тысячы.
Разам з тым Плошча–2010 акумулявала ў сабе і энергію антытаталітарнага прарыву пачатку 1990-х, і пратэсту Плошчы–2006. Нішто не праходзіць бясследна. Плошча–2010 адбылася б і без заклікаў кандыдатаў. Аднак іх учынак, іх выхад на плошчу дадаў масавасці, а ім самім вярнуў павагу грамадства ў яго дэмакратычным сегменце (а ён немалы, калі нават улада вымушана была аддаць ім 20% галасоў) і выклікаў спачуванне як да ахвяр у большасці насельніцтва.
Гвалт плошчы з наступнай хваляй рэпрэсій ёсць не што іншае, як адчайная спроба рэжыму вярнуць сацыяльны баланс уласнай устойлівасці. Найперш баланс страху і, праз прапаганду, даверу да сябе, дакладней, веры, хаця б і безнадзейнай, у сваю моц і непахіснасць. Часткова гэта ўдалося ў асяродку маўклівай большасці, якая глядзіць беларускія тэлеканалы. Там многія паверылі, што на плошчы былі хуліганы. Але каб паверыла пераважная большасць, такія акцыі павінны надзейна прыкрывацца поўнай інфармацыйнай блакадай.
Гэтую вайну за розумы рэжым прайграў. Нягледзячы на спробы блакавання мабільнай сувязі і інтэрнэта, сеціва запоўнена відэа і фота, па якіх не цяжка аднавіць сапраўдны ход падзей, выявіць сапраўдных правакатараў, арганізатараў і выканаўцаў як «штурму» Дома ўрада, так і ўсёй аперацыі па зачыстцы плошчы.
Гучаць меркаванні аб нечаканасці такога фіналу выбараў. Ці ж такая ўжо нечаканасць? Па сутнасці, у беларускага аўтарытарнага рэжыму, як і любога іншага, ёсць толькі два варыянты самазахавання. Ці паступовая трансфармацыя ў больш-менш дэмакратычную мадэль, ці вяртанне да класічнай формы жорсткага аўтарытарызму. Шлях па першаму непазбежна вёў да аслаблення асабістай улады А. Лукашэнкі, з пагрозай замены яго на пэўным этапе новай фігурай. Як ён калісьці замяніў Кебіча. Таму ён абраў другі варыянт. Але толькі пасля таго, як атрымаў на тое індульгенцыю ў Маскве.
Тут спрацавала другая асаблівасць беларускай мадэлі аўтарытарнага рэжыму, адбудаванай на сколку былой савецкай таталітарнай сістэмы, але не ў рамках агульнай вялікай дзяржавы, а як асобная, незалежная дзяржава. А значыць, і з вельмі абмежаваным запасам унутраных рэсурсаў. Беларускі аўтарытарны новатвор апынуўся непасрэдна паміж Усходам і Захадам. І, зразумела, што дадатковы рэсурс ён вымушан быў прасіць у Расіі, па традыцыйнай схеме ў палітычна роднаснага яму рэжыму. А вось контраргументы на рэалізацыю сваіх амбіцый на самастойнасць вымушаны быў шукаць у палітычнай гульні ў лібералізацыю з Захадам. І на тым пратрымаўся 16 гадоў.
Можна меркаваць, што А. Лукашэнка выйграў і гэты раўнд сваёй барацьбы — на плошчы. Але ці надоўга? Ці не пірава гэта перамога? Так, Мядзведзеў і Пуцін выдалі яму карт-бланш на працяг яго ўладарання ў Беларусі, вярнуўшы частку эканамічных прэферэнцый у абмен на падпісанне ўсяго пакета дакументаў па АДКБ, фарміраванні агульнай эканамічнай прасторы. А па сутнасці, у абмен не проста на палітычную лаяльнасць, а на поўную палітычную васальную залежнасць. З дазволам, па трапнаму выказванню аднаго з расійскіх палітолагаў, праводзіць «лібералізацыю, дзе можна, а рэпрэсіі, дзе трэба».
Але, падаецца, карт-бланш гэты не на бестэрміновае ўладаранне. Дый ці ж можа змірыцца з такой роляй сам беларускі ўладар? Адначасова брутальны разгром Плошчы–2010 калі і не цалкам перакрыў яму магчымасці гульні на Захад, то, відавочна, усур’ёз перарваў.
І дзе браць рэсурс, калі Расія прыменіць рыначны механізм разліку па нафце і газу? І дзе, калі Захад прыменіць санкцыі на продаж нафтапрадуктаў у краінах ЕС? Тут і сыравіна з Расіі не дапаможа. І нікуды не падзелася сацыяльная энергія пратэсту, энергія да перамен. Безумоўна, нас чакае нялёгкі год пад скрыгат аўтарытарнага маятніка, але гэтую энергію, гэтую беларускую пагоню да свабоды ўжо не спыніць, не стрымаць.