Святлана Мацкевіч: Лукашэнку ніколі не цікавіў узровень адукацыі беларусаў, для яго галоўнае — лаяльнасць

Кандыдат педагагічных навук, метадолаг Святлана Мацкевіч расказала «Свабодзе» пра тое, чаго цяперашняя ўлада найперш патрабуе ад сістэмы адукацыі, і дае свой адказ на пытанне, ці ўдасца рэжыму выгадаваць новую, паслухмяную ўладзе моладзь.

imgl0539__1__logo.jpg_logo.webp

— Лукашэнка, выступаючы ў БДУ 25 жніўня, успамінаў 2020 год, казаў пра «недахопы ў кадравай і ідэалягічнай працы», адкрыта заяўляў, што настроі ў БДУ яго не задавальняюць. Ці можна было з гэтых ды іншых выказваньняў зразумець, якую вышэйшую адукацыю хоча бачыць цяперашняя ўлада, якія задачы перад ёй ставіць?

— Лукашэнку ніколі не цікавілі якасьць ведаў студэнтаў, прафэсіяналізм выкладчыкаў — яму было важна забясьпечыць ляяльнасьць. Лукашэнка заўсёды разглядаў сыстэму вышэйшай адукацыі як перадвыбарны мэханізм. На гэтай пляцоўцы можна ажыцьцяўляць фальсыфікацыю выбараў, прамываньне мазгоў, прапаганду. Таму выкладчыкі выкарыстоўваюцца не як лектары, навукоўцы, але як работнікі ў выбарчых камісіях, абавязаныя фальсыфікаваць усе выбары.

І цяпер ён зноў настройвае гэтую сыстэму пад будучыя выбарчыя кампаніі, загадзя да гэтага рыхтуецца. Таму ўсялякая мінімальная неляяльнасьць, усялякі сумнеў у легітымнасьці ўлады яго непакояць у першую чаргу. Ягоная прамова ў БДУ з гэтага і пачалася — са згадкі 2020 году, з таго, як павялі сябе і студэнты, і выкладчыкі. Уся міталёгія была паўтораная, і было сказана, што мы, маўляў, павінны быць гатовыя да новых працэсаў і новых выпрабаваньняў.

Дарэчы, гэта адбывалася і на папярэдняй нарадзе, 18 жніўня — наконт падрыхтаванасьці сыстэмы адукацыі да навучальнага году. На ёй прысутнічалі генэральны пракурор, старшыня Цэнтарвыбаркаму. Усё гэта сьведчыць, што адукацыю ўлада разглядае як сыстэму дзяржаўных устаноў, якая павінна выконваць сваю ролю ў сцэнары будучых выбараў.


Глядзіце таксама

— Спробы максымальна напампаваць сыстэму адукацыі палітыкай і ідэалёгіяй былі і раней, як мінімум усе апошнія 20 гадоў. Ствараўся БРСМ, выганялі выкладчыкаў-іншадумцаў... Але масавага выніку гэта не давала. Моладзь у значнай ступені засталася зь незалежным мысьленьнем і выйшла на вуліцы ў 2020 годзе. Цяперашняя чарговая спроба паставіць усіх пад ідэйныя сьцягі адбываецца ўжо ва ўмовах больш жорсткай дыктатуры. Як можна спрагназаваць вынік, ці будзе ён адрозьнівацца ад ранейшых спробаў?

— Будзе працягвацца зачыстка ўсіх неляяльных. Будзе зроблена стаўка на тых, хто павінен гэты сцэнар рэалізоўваць. Любая праява асабістай думкі можа здацца ўладзе падазронай. Так што выказваньні Лукашэнкі ў БДУ — гэта такая прэвэнтыўная пагроза.

Думаю, улада разумее, што зусім стэрыльна ўсё зачысьціць немагчыма. Але заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць удзельнічаць у гэтым працэсе, даносіць на сваіх калег, каб выслужыцца.

— Але ёсьць пагроза, што беларуская моладзь будзе «галасаваць нагамі», паступаць не ў беларускія ўнівэрсытэты. Да таго ж ідэалягізацыя будзе азначаць пэўныя фінансавыя выдаткі — напрыклад, на факультэце журналістыкі адмаўляюцца ад платнага навучаньня: усе павінны вучыцца «на бюджэце», каб потым працаваць выключна ў дзяржаўных СМІ.

— Не, фінансавых выдаткаў яны не баяцца. Дзеля сцэнару правядзеньня ляяльных выбараў трэба прадэманстраваць, што існуе адладжаная машына, арганізацыя. Тое, што студэнты ўцякаюць за мяжу, іх хвалюе менш за ўсё. Ня будзе прытоку фінансаў ад аплаты за навучаньне, дык гэта будзе кампэнсавана з бюджэту. Дзеля палітычных мэтаў нічога не шкада. І ўвогуле, гэта не праблема Лукашэнкі, гэта праблема ўнівэрсытэту. Хай самі знаходзяць, дзе ўціснуць, на чым зэканоміць.


Глядзіце таксама

— Беларусь у 2015 годзе ўвайшла ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (Балёнскі працэс). І фармальна ніхто яе адтуль не выключаў, нягледзячы на ўсе падзеі, рэпрэсіі, саўдзел у вайне. Як гэта спалучаецца?

— Фармальна Беларусь ня выключаная і сама не заяўляла пра выхад з Балёнскага працэсу, але пазыцыі бакоў зразумелыя. Адбылося пэўнае завісаньне з абодвух бакоў, і назіраецца прыпыненьне любога ўзаемадзеяньня ў рамках Балёнскага працэсу. Улады Беларусі адкрыта дэманструюць, што іх гэта не асабліва турбуе.

Сыстэма самарэгулюецца ўнутры, яна функцыянуе за кошт наяўных рэсурсаў, безь вялікага вонкавага ўплыву. Спыненьне замежных крыніц і нават санкцыі на гэтую сыстэму мала ўплываюць. Сыстэма навучылася затыкаць дзіркі за кошт ручнога кіраваньня.

— Вы сказалі, што галоўная практычная і прапагандысцкая задача сыстэмы адукацыі — забясьпечыць выбары. Але хіба ня ставяць яны і больш доўгатэрміновыя, стратэгічныя мэты — выхаваць «новага чалавека»: паслухмянага, ляяльнага, ідэйна правільнага? Ці яны разумеюць, што гэта нерэальна, і толькі прыкідваюцца?

— Яны гэтага хочуць і задачу такую ставяць. Але пры гэтым разумеюць, што поўнай аднастайнасьці і паслухмянасьці дасягнуць немагчыма.

І мы не павінны мець ілюзіяў, што сярод студэнтаў і выкладчыкаў ня знойдзецца людзей, якія будуць усё гэта падтрымліваць. Трэба шчыра сказаць, што ўлада Лукашэнкі абапіраецца на пэўную сацыяльную групу. І гэта ня толькі «ябацькі», якія чагосьці не разумеюць з прычыны сваёй інтэлектуальнай абмежаванасьці. Гэта група ёсьць і сярод студэнтаў, сярод акадэмічнай супольнасьці.

Беларускае грамадзтва неаднароднае. І Лукашэнка з гэтым працуе, ставіць задачы, спрабуе пашырыць сваю аўдыторыю — за кошт пагрозаў, страху, подкупу, пэрспэктываў кар’еры. Паглядзіце на новага маладога міністра адукацыі — відавочна, што чалавеку далі магчымасьць хутка зрабіць кар’еру, абмінуўшы некалькі прыступак службовай лесьвіцы. Лукашэнка спрабуе пашыраць свой слой падтрымкі за кошт розных маніпуляцыйных мэтадаў кіраваньня.

Але мы павінны таксама працаваць дзеля таго, каб пашыраць сваю аўдыторыю. Не абвінавачваць, што хтосьці штосьці ня так, «няправільна» думае, бо ідэйнай аднастайнасьці ніколі ня будзе ні з аднаго боку, ні з другога.