Штраф 405 рублёў. 87-гадовую мінчанку пакаралі за вывешаны на балконе бел-чырвона-белы сцяг
На Лізавету Бурсаву склалі пратакол «за пікет» па артыкуле 23.34, інфармуе «Наша Ніва». Разгляд справы заняў 5 хвілін.
15 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна прайшло кароткае пасяджэнне. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Рудэнка.
«Першы раз мяне судзяць — за 87 гадоў!» — паведаміла бабуля, увайшоўшы ў залу суда. Падтрымаць яе прыйшлі двое сыноў Яўген і Канстанцін, унучка Марыя, журналісты, проста неабыякавыя людзі — агулам каля 20 чалавек.
Нагадаем развіццё падзей. Сцяг, які вісеў на балконе, 29 лістапада сям’я зняла на ўсякі выпадак, бо ў той дзень затрымалі Яўгена, малодшага сына Лізаветы Якаўлеўны. Але гэта не ўратавала ад праблем. На наступны дзень сын атрымаў 15 сутак, а ў кватэру да Бурсавай прыйшоў міліцыянт з фотаздымкам: у вас вісеў сцяг, складаем пратакол.
Цяпер лёс «правапарушальніцы» вырашаў суд.
«13 лістапада Бурсава правяла масавае мерапрыемства — пікетаванне шляхам размяшчэння сцяга бела-чырвоных колераў», — зачытаў суддзя Рудэнка пратакол.
З пратаколам Елізавета Якаўлеўна не пагадзілася: патлумачыла, што пад гэтым сцягам Лукашэнка прысягу даваў. Але што сцяг вісеў, пагадзілася: «Вывешвала, каб было відаць, за каго я галасавала».
Усё пра ўсё — 5 хвілін. Затым паўгадзіны перапынку на вынясенне пастановы.
У перапынку Лізавета Якаўлеўна пагаварыла з прысутнымі: распавяла, што любіць Беларусь і з’язджаць ніколі не хацела, адказала на пытанні пра маладосць і вайну, сказала, што заўсёды лічыла Лукашэнку папулістам, і што не разумее, як яе можна судзіць за сцяг.
Адзін з прысутных нават папрасіў сфатаграфацца з Бурсавай. Тая не адмовіла.
Суддзя Рудэнка вырашыў, што пенсіянерка вінаватая ў пікеце. Вырак — штраф 15 базавых (405 рублёў).
«А апошняе слова не дадуць сказаць?» — здзівілася Бурсава, але суддзя Рудэнка ўжо выйшаў з кабінета.