Тадэвуш Кандрусевіч: Усе мы патрабуем перамен!

Сёння, 3 верасня, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску падчас набажэнства быў зачытаны зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ён скіраваў з выгнання да вернікаў.

Фота Віталія Палінеўскага

Фота Віталія Палінеўскага

Тыя, хто сабраўся на супольную малітву, — ксяндзы канонікі Мінскага катэдральнага капітулу, святары, якія да іх далучыліся, і прысутныя вернікі выслухалі слова арцыпастыра стоячы, паведамляе Catholic.by.

Тадэвуш Кандрусевіч у звароце да вернікаў падзячыў вернікам і за іх малітвы за будучыню Бацькаўшчыны і за яго вяртанне.

Сярод іншага, арцыбіскуп адзначыў:

«Усе мы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і грамадства ў цэлым патрабуем перамен.

Стаячая вада псуецца і не надаецца да ўжытку. Разам з тым, праточная вада з’яўляецца здаровай. Лацінскі выраз ясна кажа: Qui non progredit, regredit — «Хто не ідзе наперад, вяртаецца назад». Мы пакліканы развівацца, гэта азначае ўдасканальвацца ў сваім духоўным і грамадскім жыцці. Бог стварыў свет добрым, але наказаў людзям яго ўдасканальваць, што павінна адбывацца ва ўсіх сферах нашага жыцця.

Аказаўшыся ў складанай, нябачанай дагэтуль у нашай гісторыі сітуацыі, Беларусь патрабуе перадусім адказнага духоўнага падыходу, які грунтуецца на прынцыпах Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла. Нам неабходна вырашаць не толькі палітычныя, эканамічныя і грамадскія праблемы, але і духоўныя.

Пакуль грамадства не будзе прытрымлівацца базавых маральных нормаў, асноўнай з якіх з’яўляецца прынцып нікому не рабіць таго, чаго не жадаеш сам, яно не зможа вырашыць сваіх праблем і гарманічна развівацца.

А для гэтага найперш патрэбна малітва, якая мае моц «дастукацца» да Нябёсаў. У часы ваяўнічага атэізму на працягу трох пакаленняў наш народ трывала маліўся і атрымаў Божы дар свабоды. Цяпер неабходна працягваць маліцца, каб згодна з Божай воляй карыстацца гэтым дарам. Свабода — гэта не толькі дар, але адначасова і адказнасць. Божы закон нам дадзены не для таго, каб яго змяняць, але каб ён нас змяняў да лепшага».