Таксіст — жонцы Андрэя Скурко: Вязні будуць сядзець датуль, дакуль мы дазволім

Паўліна, жонка палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко, распавяла шчымлівую гісторыю, піша Наша Ніва.

_ak35p.jpeg


«Перадавала Андрэю перадачу — ежу і куртку. З курткі сказалі зрэзаць шнуркі — знізу і на капюшоне, далі нажніцы. Я стаю ля акенца, думаю, як іх, прышытыя ўнутры, вынуць. Раптам дзявочы галасок: можа, неяк вам дапамагчы? Дзяўчынка, такая мілая, з сінімі валасамі. Перадавала перадачы студэнтам. З ёй сябар у масцы з вышыўкай «Найлепшы матэматык».
Гэтае спалучэнне юнацтва і стойкасці — як яно кранае!
З усіх сядзельцаў студэнтаў шкада найбольш. Можа, у мяне гэта мацярынска-сястрынскае, не знаю.
Нашы зайчыкі, наш гонар і надзея, так хочацца іх атуліць, затуліць ад дэбілаў і скатоў. Застаецца верыць, што набытая імі моц і загартоўка прыдасца і ім, і ўсім нам. І праз дзесяць гадоў гэта моладзь будзе лідарамі грамадства.
Ішла з Валадаркі на паштамт і шкадавала, што мае ружовыя валасы схаваныя пад шапкай.
Адправіла з паштамта ліст і, спазніўшыся на электрычку, выклікала таксі.
З таксістам маўчалі ўсю дарогу (што я вельмі цаню), а калі я стала паказваць, дзе лепш з'ехаць з кальцавой, ён расплыўся: «Як прыемна чуць беларускую мову! А то вакол адны манкурты».
«Чаго ж манкурты, — кажу, — такіх, як мы з вамі, 80%».
«А чаго яны папёрліся на Дзень горада? Такія натоўпы былі, як на Новы год! Последніе теплые денькі, кажуць мне! Я плюнуў, паехаў дамоў: хай нехта іншы гэтых ябацек возіць».
Аказалася, чалавека затрымлівалі ў жніўні і з Акрэсціна нават вывозілі ў сумнавядомы канцлагер на Случчыне. «Казалі: тут і застаняцеся. Я думаў: печаў няма, каб нас спаліць, дык, напэўна, расстраляюць. Жонка пасівела — тры дні не ведала, дзе я».
І ўсё паўтараў мне таксіст: вязні будуць сядзець датуль, дакуль мы дазволім.
Пакінула вялікія чаявыя. Хацела большыя, ды ён не ўзяў».
***
Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко вінавацяць у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет раскрадання (ч. 2 арт. 216 КК). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізасоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон у 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.
Калі ласка, падтрымайце нашаніўцаў лістом, тэлеграмай ці грашовым пераводам. Ва ўмовах ізаляцыі гэта дапамагае трымацца.
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1
Марціновічу Ягору Аляксандравічу
Скурко Андрэю Генадзіевічу