«Тэарэтычна магчыма ў камеры нават паставіць брагу…»: былыя палітвязні пра Новы год за кратамі

«У ноч з 2010-на на 2011-ы год свята сустракаў у СІЗА КДБ», – распавядае Уладзімір Някляеў. – У адрозненні ад іншых ізалятараў, у гэты можна было перадаваць колькі заўгодна кавы і грабаты…»

6f47d9ae721a46dda3489e260c24d3fc.jpg

Валерый Шчукін – адзін з самых сталых і вядомых праваабаронцаў Беларусі. У свой час быў рэкардсменам па колькасці знаходжання на «сутках».
«Аднойчы мне давялося сустракаць Новы год у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, – успамінае ён. — Гэта было напачатку 2000-х, памятаю, што мне тады далі за нейкую акцыю 10 сутак адміністрацыйнага арышта. Так атрымалася, што перад Новым годам усіх маіх сукамернікаў выпусцілі на волю, і я застаўся адзін. Дзяжурны прапаноўваў “далучыцца да кампаніі ў іншую камеру, каб весялей было сустракаць на Новы год”, але я адмовіўся. Памятаю, штода мяне тады асабіста прыйшоў начальнік ізалятара і павіншаваў мяне са святам».
Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў быў арыштаваны 19 снежня 2010 году і кінуты ў СІЗА КДБ.
 «У ноч з 2010-на на 2011-ы год Новы год у тым самым СІЗА і сустракаў, – распавядае Уладзімір Пракопавіч. – У адрозненні ад іншых ізалятараў, у гэты можна было перадаваць колькі заўгодна кавы і грабаты. Быў кіпцяльнік, а таму мы зрабілі вельмі моцны чыфір. З ім і сустракалі».
«Новы год за кратамі арыштанты спрабуюць адзначыць максімальна падобна да таго, як гэта робіцца на волі, — дадае Мікола Дзядок. — Па меры магчымасці купляюць розных прысмакаў, арганізуюць святочны стол. У лагерах і турмах звычайна адміністрацыя пераносіць адбой на 2-3 гадзіны ночы. Самы, бадай, сваеасаблівы мой Новы Год быў у адзіночцы турмы №4, дзе я прабыў паўгода. Тады я сустракаў 2015-ы. Адзін з кубкам моцнай гарбаты і “Першым нацыянальным радыёканалам”, які гучаў з убудаванага ў сцену радыё. Выпіў гарбаты, потым яшчэ кавы і хадзіў узад-уперад па камеры, думаў свае думкі».
Мікола Дзядок кажа, што «тэарэтычна магчыма паставіць брагу, але перад Новым годам здараюцца ўзмоцненыя шмоны, таму на практыке мець спіртовы напой да навагодняй ночы крайне праблематычна».
«Некаторыя, праўда, нават выганяюць самагон з брагі, але гэта здараецца вельмі рэдка і зараз рабіць гэта ўжо крайне цяжка. Ды і пакаранне — не менш за 10 сутак ШІЗА, таму ня многія рызыкуюць», — дадае ён.
Паводле palitviazni.info