Топ-менеджара «Skoda-Беларусь» аштрафавалі за расейскамоўны адказ на зварот па-беларуску

З намесніка дырэктара Валерыя Раманчанкі спагоняць 4 базавыя велічыні (98 рублёў) за тое, што ён праігнараваў беларускую мову і адказаў на два беларускамоўныя звароты па-расейску – арт. 9.22 КоАП «парушэнне заканадаўства аб мовах».

Валерый Раманчанка

Валерый Раманчанка

Пра штраф паведаміў журналіст Яўген Валошын, які і скардзіўся на Раманчанку.
Яўген апісаў гісторыю ў сваім Facebook. Канфлікт адбыўся пасля куплі аўта, на якім праз два гады пачала «ўздыблівацца» фарба. Журналіст напісаў дзве скаргі, на што атрымаў два расейскамоўных адказы.
«Ведалі б вы, што гэты топ-мэнэджэр нагаварыў мне па тэлефоне, але не пра тое цяпер гутарка», — дадае Валошын.


Ён звярнуўся ў Менгарвыканкам. Спачатку справу перадалі ў Фрунзенскі, а пасля ў Маскоўскі райвыканкам.
Паводле журналіста, чыноўнікі шмат на што заплюшчылі вочы, але часткова ўзнавілі справядлівасць.
«Канешне, не ўсе мае патрабаванні задаволілі. Прыцягваць трэба было, на маю думку, не па адным пратаколе, а па пяці. Напрыклад, афіцыйную прэтэнзію не палічылі зваротам. Штрафы за ігнараванне мовы трэба было даваць два, а не адзін, бо зваротаў было два. За адсутнасць у зваротах парадку абскарджання таксама трэба было караць. Адзін з адказаў быў складзены не па сутнасці», – абгрунтоўвае ён.
За знявагу беларускай мовы штрафуюць не першы раз. Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак ужо не раз дамогся грашовай кары для тых, хто абражаў родную мову.
Паводле belsat.eu