Тры гады калоніі — за адзін каментар

Палітвязня асудзілі да трох гадоў калоніі за адзін каментар пад відэа. Зрэшты, у 2020 годзе яго ўжо двойчы судзілі па «народным» артыкуле 23.34.

palitvjazen_ruslan_kuzmicz.jpg

38-гадовага палітвязня Руслана Кузьміча прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.

Руслана Кузьміча з Наваградка прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Нібыта палітвязень 3 кастрычніка 2021 года ў адным з «дэструктыўных тэлеграм-каналаў» пакінуў каментар «у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці і выкарыстання зброі» пад відэа, у якім дэманструецца выкарыстанне зброі.

Згодна з паведамленнямі пракуратуры, у каментары «Ок, пришло время дастовать оружие. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!» абвінавачаны «падахвочваў іншых грамадзян да гвалтоўных супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку з выкарыстаннем зброі».

Падчас папярэдняга следства Руслан Кузьміч адмовіўся даваць паказанні. Вядома, што цягам 2020 года ён двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па «народным» артыкуле 23.34.