У атачэнні Лукашэнкі загаварылі пра ўкраінскіх дыверсантаў

Дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч здзіўляецца, чаму Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю. Гэта прагучала ў сюжэце «Ваен ТБ», прысвечанаму другому этапу праверкі сіл рэагавання.

Аляксандр Вальфовіч

Аляксандр Вальфовіч

«Глядзіце, што дзеецца на паўднёвых рубяжах Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі некалі сяброўскай нам брацкай Украіны. Сёння групоўка ўзброеных сіл на Ровенскім кірунку на ўкраінскай тэрыторыі складае каля 10,5 тысяч чалавек, на Чарнігаўским — 4,5 тысячы, на Кіеўскім — больш за 5 тысяч чалавек. Ідзе інжынернае абсталяванне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы ўздоўж украінскай мяжы, уздоўж нашых паўднёвых межаў. Мініраванне, ажыццяўленне завалаў, дзеянне дыверсійна-разведвальных груп — у тым ліку з заходам на беларускую тэрыторыю», — заявіў ён.

У сюжэце паведамілі, што сітуацыю пільна адсочваюць органы беларускай пагранслужбы і выведвальныя падраздзялення арміі. Інфармацыя кіраўніцтву краіны паступае ў рэжыме 24/7, перадае змест сюжэту REFORM.by.

«На беларуска-польскім участку з таго боку 15 тысяч чалавек. Фактычна праз 100-200 метраў габіёны. Пытанне “навошта яны тут?” не паддаецца адказу. Практычна гэты год мы нясем службу ва ўзмоцненым варыянце. Нам дапамагаюць узброеныя сілы, таму што сілы і сродкі ў нас абмежаваныя пад такое становішча. Пастаянна знаходзім узаемадзеянне. Гэта ўзмацненне на заставы, на пасады, на камендатуры розных сіл і сродкаў ад узброеных сіл», — заявіў старшыня Дзяржпамежкамітэта Беларусі Анатоль Лапо.

Са слоў Вальфовіча, групоўка войскаў на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Польшчы павялічылася за апошнія 2 гады і складае 37,5 тысяч чалавек.

«Авіяцыі групоўка павялічылася ў разы і складае больш за 135 баявых самалётаў на тэрыторыі сумежных краін. Палёты разведвальнай авіяцыі пачасціліся і складаюць 6-7 самалётавылетаў разведвальнай авіяцыі ўздоўж нашых межаў кожны дзень, кожныя суткі», — адзначыў ён.

Ні Вальфовіч, ні Лапо ні слова не сказалі пра тое, што расійскія войскі ўварваліся ва Украіну з беларускай тэрыторыі 24 лютага гэтага года. Таксама ніводзін з іх не ўспомніў леташні «крызіс мігрантаў», калі тысячы чалавек у арганізаваным парадку і як мінімум пры поўнай бяздзейнасці беларускіх памежнікаў спрабавалі штурмаваць беларуска-польскую мяжу.