У Баранавічах асудзілі дырэктара завода, які спрабаваў змыць хабар у прыбіральні
1 лістапада у Баранавічах вынеслі прысуд па справе аб атрыманні хабару ў буйным памеры. Падсуднымі былі экс-кіраўнік мясцовага завода і начальнік бюро камерцыйнага аддзела прадпрыемства. Як піша intex-press.by, ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым.
Карупцыйны скандал здарыўся ўвесну 2021 года. 1 сакавіка дырэктара Баранавіцкага станкабудаўнічага завода (філіял ЗАТ «Атлант») і начальніка бюро камерцыйнага аддзела злавілі з доказамі злачынства падчас атрымання хабару ад прадстаўніка чалябінскай фірмы.
Дарэчы, дырэктар завода зачыніўся ад міліцыянтаў у прыбіральні і спрабаваў змыць грошы ва ўнітаз. Праўда, пазбавіцца хабару яму так і не ўдалося.
Следства заявіла, што хабар кіраўнікі прадпрыемства атрымлівалі рэгулярна. Агульная сума — 13,7 мільёна расійскіх рублёў, або каля 470 тысяч беларускіх.
Экс-дырэктар завода на судзе заявіў, што стаў ахвярай правакацыі, якую ўчыніў чалябінскі пасярэднік. «Я чакаў ад яго ахвяраванняў на будаўніцтва храма, пра якія мы дамаўляліся загадзя», — заявіў мужчына ў сваім апошнім слове. Ён дадаў, што нават не ведае, колькі грошай яму далі, бо «няправільна глядзець на ахвяраванні».
Былы кіраўнік бюро камерцыйнага аддзела завода паведаміў, што не атрымліваў хабар, а пазычыў грошы на помнік. «Я пазычыў гэтыя грошы ў пасярэдніка на помнік, бо я як адзіны сын і мужчына ў сям'і палічыў сваім абавязкам сам яго замовіць», — сказаў ён.
Суд прызначыў экс-дырэктару 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 5000 базавых велічынь (145 тысяч рублёў). Яго падзельнік асуджаны на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3000 базавых велічынь (87 тысяч рублёў).
Акрамя таго, яны павінны кампенсаваць дзяржаве шкоду ў памеры сумы атрыманага хабару.