У Беларусі з'явілася петыцыя з патрабаваннем забараніць уезд кітайскім студэнтам

У інтэрнэце з'явілася петыцыя з патрабаваннем да ўладаў часова забараніць усім грамадзянам Кітая, у тым ліку кітайскім студэнтам, уязджаць на тэрыторыю Беларусі.

20200123131611_8143.jpg

Збор подпісаў скончыцца заўтра. У панядзелак зварот адправяць у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў. Пакуль петыцыя сабрала больш за 1500 подпісаў.
У тэксце петыцыі гаворыцца:
«У сувязі з вельмі высокай пагрозай масавага заражэння каронавірусом насельніцтва Рэспублікі Беларусь ад патэнцыйных носьбітаў гэтага смяротна небяспечнага віруса — студэнтаў, грамадзян Кітая, што часова з'ехалі на сваю радзіму і збіраюцца назад ўехаць на тэрыторыю нашай краіны для працягу вучобы, патрабуем ад улады прыняцця надзвычайных і жорсткіх мер па часовым забароне на іх ўезд і ўезд на нашу тэрыторыю ўсіх грамадзян Кітаю. Лічым, што непрыняцце такіх мер, а таксама самае нязначнае прамаруджванне ў дадзенай сітуацыі наўпрост пагражае нацыянальным інтарэсам Беларусі і з'яўляецца злачынствам супраць беларускага народа».
Раней паведамлялася, што ўлады прынялі рашэнне размяшчаць студэнтаў з Кітая, якія прыбываюць у Беларусь з абласцей, не закрытых для ўезду і выезду з-за ўспышкі каронавіруса, у аздараўленчым комплексе «Брыганціна» БДУ, у 30 км ад Мінска.
У сувязі з каронавірусам па ўсім свеце расце ксенафобія ў дачыненні да кітайцаў. На «Вікіпедыі» нават зʼявілася асобная старонка, прысвечаная гэтай праблеме. Зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі медыі ці людзі ў сацсетках выказваюць антыкітайскія настроі. Гэтак, у Канадзе створаная інтэрнэт-петыцыя з заклікам забараніць кітайскім студэнтам навучацца ў краіне. Кіраўніцтва краіны асудзіла гэтыя захады, а прэмʼер-міністр Канады жорстка асудзіў расізм.
Паводле the-village.me