У Брэсце ціктокеру, які абяцаў закрыць канал праз ціск на бацькоў, далі штраф за экстрэмізм

Папулярны брэсцкі TikTok-блогер атрымаў штраф за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Гаворка ідзе пра Аляксандра «тэрнера», які амаль два тыдні таму запісаў відэа пра тое, што закрывае свой канал праз ціск на бацькоў.

aleksandr_terner_2021.jpg


Паводле інфармацыі пракуратуры, на сваёй старонцы, на якую падпісана 110 тысяч карыстальнікаў, блогер распаўсюдзіў матэрыялы з Telegram-канала, інфармацыйная прадукцыя якога прызнаная экстрэмісцкай.
На блогера склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП і выпісалі штраф. Акрамя таго, яго выклікалі ў пракуратуру, дзе абвясцілі папярэджанне аб адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Гаворка ў прэс-рэлізе ідзе пра ціктокера Аляксандра «тэрнера». Амаль два тыдні таму ён апублікаваў на сваім канале відэа, у якім папрасіў вярнуць яго бацькоў на працу:
— Мяне ціснуць з усіх бакоў. Я хачу звярнуцца асабіста да Камітэта дзяржаўнай бяспекі і да майго універсітэта БрДТУ. Прыношу свае прабачэнні. Перастаньце аказваць ціск на маіх бацькоў. Іх звольнілі з працы. Мяне могуць пасадзіць у турму. Калі будзе прасцей, каб я не вёў гэты канал, добра. Я стараўся быць максімальна ў законе, але вам усё не падабалася. Вярніце, калі ласка, маіх бацькоў на працу. Я вас вельмі прашу. Ну і на гэтым усё.
18-гадовы Аляксандр — студэнт БрДТУ. Свой канал у TikTok ён завёў вясной мінулага года, калі пачаўся каронавірус, распавёў ён у інтэрв'ю выданню «Наша Ніва».
— За паўтара года ніякіх праблем не было. Але з пачатку гэтага навучальнага года раптоўна ўзнік дзікі ціск на мяне. Я максімальна прыбіраю любую апазіцыйную накіраванасць ролікаў, раблю ўсё так, каб усё было па законе, каб не было да чаго дакалупацца. І ўсё роўна пачалося нешта не вельмі добрае. Раптам пачалі сыпацца пагрозы ў Тэлеграме — як мне, так і маім бацькам. Пры гэтым часцей за ўсё менавіта бацькам. Хоць яны тут і ні пры чым. Па гэтых паведамленнях было зразумела, што гэтыя людзі валодаюць усёй інфармацыяй пра мяне, маіх бацькоў, гэта значыць гэта паведамленні не ад нейкіх «выпадковых мінакоў». (...) Афіцыйна са мной пакуль ніхто не гаварыў, ніхто нікуды не выклікаў. Вось толькі ў бацькоў пачаліся праблемы на працы. Ім 55 і 60 гадоў. Яны інжынеры ў дзяржаўнай арганізацыі. І цяпер ім сказалі, што не працягнуць кантракты. Прычына, нібыта, менавіта ўва мне, — распавёў Аляксандр.