У цэнтры Познані выхадцы з СНД збілі і выкралі беларуса. У чым справа?

У цэнтры польскага горада Познань чацвёра невядомых напалі на беларуса. Яго збілі і выкралі. Але сведкі своечасова заўважылі выкраданне і выклікалі паліцыю. Пра інцыдэнт паведамілі ў паліцыі Вялікапольскага ваяводства, піша выданне MOST.

Фота poland.travel

Фота poland.travel

Паведамленне аб нападзе на вул. Marcinkowskiego паступіла паліцыі 13 лістапада пасля 22.00. Тыя, хто нападаў, пад'ехалі да мінака на чорнай Audi, пачалі збіваць, а затым заштурхалі яго ў машыну і павезлі. Па паведамленнях сведак, людзі гаварылі на замежнай мове — хутчэй за ўсё, рускай.

Дзякуючы сістэме гарадскога маніторынгу следства вызначыла маршрут машыны і праз два дні высветліла, што ў групу нападнікаў уваходзяць выхадцы з Беларусі, Украіны і Малдовы. Неўзабаве ўдалося знайсці і затрымаць дваіх з іх, да таго моманту яны знаходзіліся ва Уроцлаве. Астатнія абвешчаныя ў вышук.

Таксама паліцыя ўстанавіла асобу выкрадзенага — ім аказаўся 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Следчыя звярнулі ўвагу на тое, што той не хоча распавядаць пра здарэнне.

У ходзе расследавання паліцыя ўстанавіла, што пацярпелы ўваходзіў у злачынную групу, якая займалася фішынгам — вымагальніцтвам даных і крадзяжом грошай праз папулярны польскі сервіс BLIK, прычым ахвярамі станавіліся пераважна знаёмыя махляроў. Да гэтай жа банды могуць адносіцца і мужчыны, якія маюць дачыненне да выкрадання.

Паводле неафіцыйнай версіі, якую прыводзяць польскія медыі, беларус завінаваціўся грошы сваім выкрадальнікам, за што тыя вырашылі яго правучыць.

Па хадайніцтве пракурора затрыманыя нападнікі ўзятыя пад варту на тры месяцы.

Збітага беларуса адпусцілі. Аднак мужчыну выстаўленае абвінавачанне ў вымагальніцтве і іншых фінансавых злачынствах.


Глядзіце таксама

Раней афіцыйныя дзяржаўныя органы Польшчы паведамлялі аб этнічнай структуры злачынстваў, якія ў краіне здзяйсняюць замежнікі.

Паводле афіцыйная статыстыкі, за пяць месяцаў (са студзеня да траўня) 2023 года ва ўчыненні злачынстваў падазраваліся амаль 4700 замежнікаў. Калі паглядзець на статыстыку за апошнія дзесяць гадоў, то колькасць замежнікаў, якія падазраваліся ў злачынных дзеяннях, вырасла больш чым у тры разы — з 3,5 тыс. у 2013 годзе да 12,4 тыс. у 2022 годзе.

Сярод 4695 замежнікаў, якія падазраваліся ў злачынствах сёлета, найбольшую колькасць склалі грамадзяне Украіны — 2188 чалавек, і Грузіі — 901 чалавек. Далей ідуць грамадзяне Беларусі — 277, а таксама Малдовы — 228 і Расіі — 80.

Каля 1150 чалавек абвінавачваліся ў крадзяжы, а больш за 1100 — у кіраванні ў нецвярозым выглядзе. Больш за 500 чалавек падазраваліся ў захоўванні наркотыкаў, 152 — у парушэнні судовых забаронаў, напрыклад, кіраванне аўтамабілем пасля пазбаўлення правоў.

Акрамя таго, паводле даных паліцыі, 84 чалавекі падазраюцца ў правакаванні ДТЗ, 80 — ва ўдзеле ў бойцы і 57 — ва ўжыванні пагроз.

А калі ўлічыць колькасць замежнікаў, якія легальна пражываюць у Польшчы, то горш за ўсё сябе паказваюць грузіны. Па стане на жнівень 22 000 з іх мелі ў Польшчы дзеючы від на жыхарства, а падазраваных у злачынствах сярод гэтай групы — 901 чалавек.

Беларусаў жа ў Польшчы пражывае некалькі соцень тысяч, і толькі 277 абвінавачваліся ў злачынствах па выніках першых пяці месяцаў 2023 года.