У дзіцячым лагеры на Віцебшчыне ўспышка каронавіруса
13 дзяцей захварэлі на каронавірус у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Пра100р», які размяшчаецца на базе лагера «Вясёлка» ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці.
«На дадзены момант усе дзеці, у якіх дыягнаставаны каронавірус, знаходзяцца ў асобным корпусе. Усе адчуваюць сябе нармальна. На шчасце, дзеці лёгка пераносяць гэты вірус, а ўсе педагогі ў нас прышчэпленыя. Для дзяцей арганізаваны асобнае харчаванне, асобная праграма», — распавёў «Смартпресс» сузаснавальнік цэнтра «100 балаў» Дзмітрый Рыжыкаў.
Першы выпадак, паводле слоў Рыжыкава, дыягнаставаны 19 жніўня і, хутчэй за ўсё, быў завозным.
Цяпер у лагеры ўзмоцненыя меры прафілактыкі: забароненыя ўсе кантакты з бацькамі, скарочаныя актыўнасці ў памяшканні. Уведзены масачны рэжым для педагогаў, усе паверхні апрацоўваюцца.
Паводле слоў Дзмітрыя Рыжыкава, у лагер прыязджала камісія абласной санэпідэмстанцыі, якая праверыла стан дзяцей, захаванне ўсіх санітарна-эпідэміялагічных норм.