У гадавіну аварыі на ЧАЭС у мінскі офіс да «Зялёных» ламіліся сілавікі

Днём 26 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс партыі «Зялёныя». Як распавёў «Еўрарадыё» кіраўнік партыі Дзмітрый Кучук, сілавікі грукаліся ў дзверы, але ім ніхто не адчыніў.

Лідар «Зялёных» Дзмітрый Кучук / «Еўрарадыё»

Лідар «Зялёных» Дзмітрый Кучук / «Еўрарадыё»

— Зараз адрубілі інтэрнэт і электрычнасць у офісе. «Ціхары» стаяць у пад'ездзе, некаторыя пад дажджом на вуліцы; у офісе я адзін. Атрымліваецца, не магу выйсці, — распавядае «Еўрарадыё» Кучук.
Паводле слоў палітыка, ён яшчэ не прыняў рашэнне, калі паспрабуе пакінуць офіс. Увечары Кучук планаваў наведаць памятныя мерапрыемствы з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ўскласці кветкі да памятнага знаку.
Я думаю, гэта звязана з тым, што я быў заяўніком «Чарнобыльскага шляху», — дадае Дзмітрый Кучук. Улады не дазволілі шэсце, і арганізатары адмовіліся ад яго правядзення.
Суразмоўца «Еўрарадыё» кажа, што праз вокны на вуліцы бачыць шмат людзей, падобных да сілавікоў у цывільным адзенні, і тэхніку. Ён называе гэта «ажыятажам» з нагоды гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў вечарам 26 красавіка запальваць свечкі каля храмаў, каб ушанаваць памяць ахвяр трагедыі ў Чарнобылі. Пасля гэтага анонсу ў цэнтры Мінска пачалі з'яўляцца сілавікі і спецтэхніка. Паведамляецца аб выбарачных праверках асабістых рэчаў у мінакоў.