У Гомелі аднавіўся закрыты суд над Лосікам, Паповым, Сакавым, Статкевічам, Ціханоўскім і Цыгановічам

Працэс аднавіўся 16 лістапада, напісала ў фэйсбуку жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

f99e458d_878f_45ac_8502_073762d6684f_w1023_r1_s_1.jpg


Яна таксама працытавала ліст Мікалая Статкевіча.

«Ты не павінна мець ніякіх ілюзій наконт гэтага “правасуддзя”. Таму прымі спакойна гэтае яго прамежкавае, а потым і наступнае “рашэнні”. Наша адказнасць за лёс краіны вымагае гэтага, бо іншыя варыянты прывядуць да ўжо вядомага кола падзей, да абрыдлай “рэал-паліцік”. Толькі хто ж тут застанецца жыць, пакуль тое кола замкнецца. Значыць, трэба прыняць і вытрымаць, мая родная. Вельмі хвалююся за твой стан. калі ласка, вытрымай», — напісаў жонцы Мікола Статкевіч.

Працэс ідзе ад 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы. Адвакаты далі падпіску аб невыдаванні, таму пра акалічнасці працэсу нічога не вядома, адзначае Радыё Свабода.

Усім шасці фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўлення волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальванне сацыяльнай варожасці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА.

З 4 лістапада ў працэсе быў перапынак. Цяпер на ім чакаюцца спрэчкі бакоў, пасля якіх абвесцяць вырак.