У Гомелі таксама створана Каардынацыйная Рада

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і ініцыятыў горада над Сажом і вобласці аб’ядналіся і склалі адозву да рэспубліканскіх і рэгіянальных уладаў з патрабаваннем адмены вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзення круглага стала для пошуку выхаду з грамадска-палітычнага крызісу.

homel_gkr_5.jpg

Гомельская Каардынацыйная Рада была створаная 17 жніўня і склала спіс з шасці патрабаванняў да прадстаўнікоў улады, каторыя былі агучаныя перад гомельцамі на мітынгу, што адбыўся ў абласным цэнтры ўвечары таго ж дня і сабраў каля 2 тысяч удзельнікаў.
Сярод патрабаванняў ГКР — прызнанне несапраўднымі вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў, адстаўка Аляксандра Лукашэнкі па прычыне страты даверу, вызваленне ўсіх затрыманых падчас выбарчай кампаніі і наступных падзей, раследаванне ўсіх выпадкаў гвалту адносна затрыманых, правядзенне круглага стала з прадстаўнікамі ўлады і інш.
Сябра Гомельскай Каардынацыйнай Рады, кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы «Smart Homel» Яўген Меркіс:
Мы ўсведамляем, што зараз шмат хто з грамадзян Беларусі лічыць, што з уладамі не варта мець ніякіх кантактаў, некаторыя нават заклікаюць ісці і ледзве не штурмам займаць гар- і аблвыканкамы. Але большасць усё ж выступае за мірныя перамены і дыялог. Мы, як прадстаўнікі грамадскасці падзяляем гэтую пазіцыю і лічым, што толькі такім чынам можна пазбегнуць эскалацыі напружання, супрацьстаяння і гвалту, якія зараз назіраюцца ў нашай краіне. Мы заклікаем разам шукаць шляхі выйсця з крызісу. Нашыя патрабаванні мы перададзім прадстаўнікам улады і далей уся ўлада над сітуацыяй і яе развіццём будзе ў іх руках. Хочацца спадзявацца, што ў такі важны для краіны момант яны прадэманструюць, што здольныя чуць голас народа і кіравацца сапраўды грамадскімі інтарэсамі.
Сярод падпісантаў адозвы — Святлана Кароль, Дзяніс Кобрусеў (таварыства «Горад для гараджан», старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання эколагаў), Дзмітрый Янкоў (эколаг, дырэктар Цэнтра развіцця сельскіх ініцыятыў), Яўген Малікаў (гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства), Сяргей Ляпін і Марыя Булавінская (майстэрня гарадскіх даследаванняў «Пошукі старога Гомеля»), Алеся Аўласевіч (ТБМ), Андрэй Бардухаеў-Арол (дырэктар дабрачыннага фонда «Разам тут»), Юры Глушакоў (аргкамітэт Беларускага сацыяльнага руху «Разам»), Алёна Яцкая (куратар арт-прасторы «Воздух» і інш. Сябры ГКР заклікаюць далучацца і іншых прадстаўнікоў грамадскасці Гомеля і вобласці ды актывістаў.
Прыводзім тэкст адозвы цалкам:
Рэспубліканскім і гомельскім рэгіянальныморганам улады Рэспублікі Беларусь
АДОЗВА
Мы, ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі грамадскіх і палітычных арганізацый і ініцыятыў г. Гомеля і Гомельскай вобласці, аб'яднаўшыся ў Гомельскую Каардынацыйную Раду, усведамляючы важнасць падзей, што адбываюцца ў нашай краіне, канстатуем, што выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 г. прайшла са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства. Дадзеныя выбары не могуць быць прызнаныя свабоднымі, сумленнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі. Афіцыйныя вынікі не адлюстроўваюць рэальнага волевыяўлення грамадзян Рэспублікі Беларусь.Папярэднія і наступныя падзеі прывялі да эскалацыі гвалту з боку сілавых органаў у дачыненні да грамадзян, што мірна выказвалі сваю нязгоду з афіцыйнымі вынікамі выбараў. На дадзены момант у ІЧУ і турмах краіны незаконна ўтрымліваюцца сотні нашых суайчыннікаў, многія з якіх падвяргаюцца гвалту і знявагам.Грунтуючыся на каштоўнасцях свабоды, дэмакратыі, роўнасці, вяршэнства права і правоў чалавека, павагі да чалавечай годнасці і кіруючыся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, з мэтай прадухілення далейшай дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, выключэння пагроз дзяржаўнаму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама наладжванню працэсу мірных змен,
ПАТРАБУЕМ:
1. Прызнання несапраўднымі агучаных 14.08.2020 вынікаў галасавання на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прыцягнення да адказнасці ўдзельнікаў фальсіфікацый волевыяўлення беларускага народа.
2. Неадкладнай адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі па прычыне страты даверу.
3. Безумоўнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і грамадзян, затрыманых падчас выбарчай кампаніі і наступных падзей, а таксама спынення ўсіх палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў і поўнага спынення пераследу па палітычных матывах, у тым ліку грамадзян, прыцягнутых да адказнасці за праявы сваёй грамадзянскай пазіцыі супрацоўнікамі ДАІ (штрафы, пазбаўленне правоў і інш.).
4. Паўнавартаснага і празрыстага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту з боку праваахоўных органаў пры затрыманні і ўтрымання пад вартай мірных грамадзян, у тым ліку забойстваў, фактаў катаванняў. Размясціць у адкрытым доступе спіс затрыманых, арыштаваных і прыцягнутых да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці падчас выбарчай кампаніі і наступных падзей.
5. Правядзення на працягу бліжэйшых трох дзён у г. Гомелі Круглага стала з удзелам Гомельскай Каардынацыйнай Рады, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і кіраўніцтва г. Гомеля і Гомельскай вобласці з мэтай абмеркавання шляхоў выхаду з існага грамадска-палітычнага крызісу. Арганізацыі прамой трансляцыі і роўнага допуску па поўным асвятленні дадзенага мерапрыемства дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ.
6. Не перашкаджаць свабоднаму правядзенню мірных грамадскіх сходаў, акцый, мітынгаў і шэсцяў у г. Гомелі і іншых населеных пунктах Гомельскай вобласці з мэтай свабоднага выказвання меркаванняў і перакананняў (арт. 33 Канстытуцыі РБ).
Паводле прэс-рэліза