У Гомелі ў «дармаеды» запісалі жанчыну за два месяцы да пенсіі

Пра тое, што яна "дармаед", Людміла Багданава даведалася з паведамлення ад так званай "дармаедскай" камісіі па Цэнтральным раёне Гомеля. Пры гэтым ужо ў чэрвені жанчына дасягне пенсійнага ўзросту, а значыць, будзе лічыцца занятай у эканоміцы.

57592740_2620034184692100_3367574949307875328_n.jpg


56-гадовая жанчына вырашыла змагацца з незаконным дэкрэтам і звярнулася па дапамогу ў незалежны прафсаюз РЭП:
— Я пачала працаваць з 18 гадоў, робячы перапынкі толькі на напісанне дысертацыі і выхаванне дзяцей. Працавала ў школе, у палацы творчасці. Фактычна, калі б не павышэнне пенсійнага ўзросту, я б была ўжо на пенсіі.
Людміла Багданава вядомая як пісьменніца Ніка Ракіціна, у апошні час займаецца напісаннем кніг.
— Вядома, мне далёка да Льва Талстога, але мае кнігі даволі ахвотна выдаюцца ў Гомелі. Зараз рыхтуецца да выхаду новая кніга. Наклады не вялікія, але такія рэаліі беларускіх пісьменнікаў, шмат не заробіш. Жыву практычна на зарплату свайго мужа.
Пісьменніца атрымала паведамленне, дзе ёй да 30 красавіка прапануюць прадаставіць дакументы, якія даказваюць, што яна працоўны чалавек. Разам з незалежным прафсаюзам жанчына падала скаргі ў гарвыканкам і раённую адміністрацыю.
Прававы інспектар працы прафсаюза Леанід Судаленка пракаментаваў сутнасць прэтэнзій:
— Прафсаюз РЭП лічыў і лічыць, каб удзельнічаць у эканоміцы, дастаткова быць спажыўцом тавараў і паслуг, у тым ліку і падакцызных, плацельшчыкам дзяржаўных збораў і пошлін. Іншымі словамі, па-за залежнасці ад сваёй занятасці, Людміла Багданава занятая ў эканоміцы, так як увесь час выплачвае ўскосныя падаткі пры куплі тавараў і паслуг, пры карыстанні мабільнай сувяззю.
У скарзе Людміла Багданава просіць растлумачыць, для якой мэты дзяржава абмяжоўвае яе ў праве на выбар роду заняткаў, у праве не падвяргацца прымусовай працы і забароненай дыскрымінацыі, умешваючыся ў яе прыватнае жыццё і прыватнае жыццё яе сям'і.
Таксама Людміла Багданава патрабуе паставіць перад Канстытуцыйным судом пытанне аб тым, што Дэкрэт №3 парушае Канстытуцыю; прызнаць яе занятай у эканоміцы і абавязвае камісію па садзейнічання занятасці выключыць яе з базы дадзеных.
Паводле Гомельскай Вясны