У Менску судзілі ўхілістаў. Паглядзець на суд прывялі падлеткаў
У ваенным камісарыяце Фрунзенскага раёна Менску прайшоў выязны суд над ухілістамі. На працэс у якасці слухачоў былі запрошаныя іншыя прызыўнікі, паведамляе гарадская пракуратура.
Суд разгледзеў дзве крымінальныя справы па арт. 435 КК аб ухіленні ад прызыву ў войска, падсудныя – двое хлапцоў 21 і 24 гадоў. Яны атрымалі позвы, але не прыйшлі ў камісарыят.
«На паседжанні маладыя людзі тлумачылі, што не мелі намеру ўхіляцца ад мерапрыемстваў прызыву, хаця сабраная доказная база па справе казала аб іншым. Пасля яны прызналі віну і пакаяліся ў сваіх учынках», — распавялі ў менскай пракуратуры.
Суд улічыў «сціплы жыццёвы досвед» абвінавачаных і суд вырашыў пакараць іх толькі штрафам.
На працэс запрасілі ў якасці слухачоў падлеткаў да 16 гадоў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах няпоўнагадовых, а таксама іншых прызыўнікоў Фрунзенскага раёна. Пазней пракурор правёў гутарку з імі і нагадаў пра «воінскія абавязкі».
Згодна з арт. 435 КК за ўхіленне ад прызыву прадугледжана пакаранне ад штрафу да 5 гадоў пазбаўлення волі (у выпадку падробкі дакументаў, сімуляцыі хваробы, наўмыснага прычынення сабе траўмы або іншага падману).
Паводле belsat.eu