У Мінкульце звольнілі дзвюх кіраўніц упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей
З Міністэрства культуры звольнілі ключавых асоб упраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на «Спадчыну».
10 студзеня апошні дзень быў у начальніцы ўпраўлення Наталлі Хвір (на фота) і намесніцы начальніка аддзела ўзгаднення і рэстаўрацыі Святланы Краюшкінай. Менавіта Краюшкіна ўзгадняла навукова-праектную дакументацыю на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на помніках гісторыі і культуры.
Паведамляецца, што абедзве жанчыны шчыра перажывалі за сваю
справу і дбалі пра ахову гісторыка-культурных каштоўнасцей і помнікаў. За гэта
на іх неаднойчы скардзіліся начальству.
Гэта не першыя падобныя звальненні ў сферы культуры. Нядаўна была звольненая дырэктарка музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч: падставай, паводле неафіцыйных звестак, стала адмова звальняць супрацоўнікаў па «палітычных» прычынах.