У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка
Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца» — даўгахвостая кугакаўка.

Як-ніяк, а гэта першы выпадак рэгістрацыі птушкі-драпежніцы ў сталіцы. Пра гэтую навіну паведаміў “Звяздзе” дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.
Фатограф Анатоль Кляшчук выехаў у адзін з найстарэйшых раёнаў сталіцы — Грушаўку і знайшоў месца, дзе... драмала лясная госця.
— Мяне ўразіла сама птушка — хоць раней я і здымаў гэтую саву — і тое, колькі цікаўных з фотаапаратамі і смартфонамі сабралася там, — расказаў Анатоль Кляшчук. — Для многіх гэта была сенсацыя, бо ніколі ў жыцці яны не бачылі саву, а тым больш рэдкі від.
Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі выказаў меркаванне, што арэал гнездавання гэтай птушкі знаходзіцца на поўначы Беларусі, магчыма, кугакаўка прыляцела ў пошуках ежы з Бярэзінскага біясфернага запаведніка.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА