Вынеслі прысуд палітвязню Яўгену Батуры

Сёння, 30 верасня, у Цэнтральным судзе Мінска суддзя Вікторыя Шабуня агучыла чарговы палітычны прысуд: палітвязня Яўгена Батуру асудзілі да 2 гадоў «хіміі» з накіраваннем.

jauhen_batura_1_logo.jpg

Суд над Яўгенам Батурам пачаўся ўчора, 29 верасня. Частка яго была закрытай. Нагадаем, мужчыну абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года.

Старшая памочніца пракурора Цэнтральнага раёна Казлова запрасіла для палітвязня 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў апошнім слове папрасіў пры прызначэнні пакарання ўлічыць асабістую сітуацыю, якая для яго цяпер прыярытэтная: цяжарнасць жонкі і выяўленае анкалагічнае захворванне ў бацькі.

Адвакатка палітвязня Таццяна Лішанкова прасіла апраўдаць яе падабароннага, паколькі ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства.

У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Яўгену пакаранне ў выглядзе двух гадоў "хіміі".

Яго вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе, арышт з маёмасці знялі.

Жонка палітвязня Дзіяна Серадзюк пракаментавала прысуд:

— У мяне неадназначныя пачуцці. З аднаго боку — вялікая радасць, бо пасля трох месяцаў за кратамі муж вяртаецца дадому. Гэта стала выпрабаваннем для нас і, спадзяюся, не зламала, а толькі ўзмацніла. Вельмі хачу падзякаваць людзям, якія падтрымлівалі нашу сям'ю, — нават не ўяўляю, як бы ўдалося справіцца без іх.

Аднак, на жаль, на гэтым нічога не скончылася, і наперадзе — адбыццё пакарання. Я ўпэўнена, што мы годна пройдзем і гэты этап. Але нельга прызвычайвацца да таго, што і праз два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі людзей працягваюць жорстка караць за тое, што яны проста выказалі сваё меркаванне адносна палітычнай сітуацыі. Столькі асобных людзей і цэлых сем'яў пацярпелі і працягваюць цярпець ад палітычных рэпрэсій у цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі — гэта ненармальная сітуацыя, якая, на жаль, пакуль не мае вырашэння.



Яўген Батура — інжынер, які адпрацаваў 23 гады на адным з вядучых прадпрыемстваў, але перад новым 2022 годам быў звольнены за сваю грамадзянскую пазіцыю. Яго неаднаразова затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных справах.

Раніцай 29 чэрвеня ў дом да Яўгена Батуры прыйшлі з ператрусам сілавікі. Самога Яўгена затрымалі спачатку на 10 сутак і адвезлі на Акрэсціна. Сваякам сказалі, што падставай затрымання сталі падзеі 2020 года.

12 ліпеня, стала вядома, што Яўгена Батуру перавялі з Акрэсціна на «Валадарку». 31 ліпеня за кратамі Яўген сустрэў свой дзень народзінаў.