У Мінску затрымалі актывістку Людмілу Паўлоўскую

У Мінску затрыманая Людміла Паўлоўская. 

ljudmila_paulouskaja__fota_jany_trusila_ncz9_logo_1.jpg

Пра затрыманне жанчыны паведамілі праваабаронцы.

Яе сяброўка распавяла, што яны былі разам каля Вечнага Агню на Плошчы Перамогі. Тады сяброўка сфатаграфавала Людмілу.

Затрымалі Людмілу, папярэдне, каля дома. Пакуль вядома тое, што сёння жанчына сядзела на лаўцы, размаўляла з маці па тэлефоне, калі падыйшлі сілавікі, папрасілі пашпарт і затрымалі.

Падчас аднаго з папярэдніх затрыманняў у Людмілы здарыўся прыступ, але міліцыянты не выклікалі ёй хуткую, а суддзя Вікторыя Крэпская прысудзіла Людміле 25 сутак арышту.

Цяпер жанчына знаходзіцца ў Партызанскім РАУС. Калі Людмілу адправяць на Акрэсціна — невядома, ці дазволяць родным перадаць лекі, бо з 24 лютага перадачы ў ізалятар «у сувязі з неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам» не прымаюцца.

Людмілу затрымліваюць ужо не першы раз. Яе затрымлівалі і 19 чэрвеня 2020 года, яшчэ падчас ланцугоў салідарнасці з затрыманымі напярэдадні Віктарам і Эдуардам Бабарыкамі. І пазней, і 10 жніўня 2020-га і 20 снежня таго ж года — тады яе трымалі 25 сутак за бел-чырвона-белыя рукавічкі.

Пасля неаднаразовых затрыманняў Людміла давала параду, як перанесці зняволенне лягчэй.

Шмат хто кажа, што ўяўляе гэта як квэст, тады лягчэй успрымаць. Тут важныя ўзаемадапамога, саступкі, проста добрыя словы. Ты робіш нейкую дробязь, нехта дапамагае табе — вы аб'яднаныя адной мэтай, вы становіцеся блізкімі. І так прывыкаеш да людзей, што, калі выходзіш з сутак, здаецца, пакідаеш сям'ю. І гумар — ён дае сілы перажыць усё! А яшчэ — там файна заходзіць Горват, шмат хто казаў.

Родным, сябрам магу сказаць па сваім вопыце. На дзіва тым, хто за кратамі, лягчэй у нечым. Родныя ж хвалююцца, прыдумляюць сцэнары, бегаюць, вырашаюць пытанні. Таму галоўная парада родным — падтрымаць чалавека менавіта па вяртанні, бо тады становіцца цяжка. Так было ў мяне, але гэта мой асабісты погляд.