У офіс будаўнічай гандлёвай сеткі ОМА прыйшлі сілавікі. Праходзіць ператрус
У офісе гандлёвай сеткі ОМА праходзіць ператрус. Пад будынкам стаяць чорныя бусы, паведамляе найбуйнейшы беларускі інфармацыйны партал (прызнаны «экстрэмісцкім»).
Раней буйны акцыянер сеткі прыпыніў дзейнасць у Беларусі, кампанія перастала закупляць беларускія і расійскія тавары з-за нападу Расіі на Украіну.
Пра ператрус ў галаўным офісе ананімна паведамілі два
супрацоўнікі кампаніі. Работнік адной з крам сеткі распавёў, што характэрныя для сілавікоў машыны ля будынка заўважыў кур'ер.
— Кажа, на галаўным офісе стаіць шмат чорных бусаў. У іх ужо
нікога не было, сілавікі ўжо ў офісе, як мы зразумелі. У краме ўсё спакойна,
працуем, як звычайна. Ніхто нічога не кажа, калі б не кур'ер, які прыехаў і нам
пра гэта сказаў, то наогул цішыня. Ніхто б нічога і не ведаў. Мабыць, яшчэ адна
кампанія трапіла ў няласку, — напісаў малады чалавек.
Па словах другога супрацоўніка ОМА, яго калегі, якія ў гэты
час павінны знаходзіцца ў будынку, не выходзяць на сувязь. Адказваюць толькі
тыя, хто дома. Ён таксама кажа, што бачыў мікрааўтобусы. Заўважыў, што яны былі
без дзяржнумароў.
— Мінімум тры, — удакладняе ён. — На паркоўцы — супрацоўнікі ў
экіпіроўцы. У аднаго я бачыў вялікімі літарамі на плячы надпіс «КДБ».
У нас васьміпавярховы будынак, арандаваны, але цалкам заняты ОМА. Унутры
можа быць шмат чалавек.
У кантакт-цэнтры OMA пакуль не ведаюць, што адбываецца ў галаўным офісе.
— Магчыма, але нам не даюць такую інфармацыю. Мы знаходзімся
выдалена, — адказалі па тэлефоне.
Нагадаем, у сярэдзіне траўня стала вядома, што
фінска-літоўская кампанія «Kesko Senukai» прыпыніла дзейнасць у Беларусі і
выходзіць са складу акцыянераў гандлёвай сеткі ОМА. Планавалася, што
продаж долі завершаць у бліжэйшы час, аднак канкрэтныя тэрміны не
паведамляліся. Усе гандлёвыя адносіны з беларускай сеткай былі спыненыя яшчэ ў
красавіку. Акрамя таго кампанія прыпыніла закупкі расійскіх і беларускіх
тавараў. Прычына такога рашэння — расійскае ўварванне ва Украіну.