Краіна экстрэмістаў: У «Спісе экстрэмістаў» — ужо 2263 чалавекі
У «Спіс экстрэмістаў» запісалі яшчэ 29 чалавек, дадалі ахвяр і ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляюць праваабаронцы.

30 снежня МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Туды дадалі яшчэ 29 прозвішчаў. Так, у спіс трапіў «рэйкавы партызан» Сяргей Глебка, стрыечны брат палітыка Паўла Латушкі Анатоль Латушка, асуджаны да 10 гадоў калоніі палітвязень Дзяніс Сальмановіч і іншыя.

А ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі сацсеткі «К*KY» і кнігу пра Каран.
Такім чынам, сёння рэспубліканскі «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» дапоўнілі — у яго трапілі: Telegram-канал «Менск 97%», Кніга «Толкование десяти последних джузов Благородного Корана, и следующие за ним важные вопросы, касающиеся мусульманина», суполка ва «УКантакце» «Свободный Жлобин | Free Zhlobin», сайт, сацсеткі і лагатып рэсурсу «K*KY.ОRG».