Былы афіцэр-памежнік адмовіўся ад медаля «За бездакорную службу»

"Аказваецца, бездакорна служыць той, хто залівае крывёю асфальт", — адзначыў былы памежнік у звароце, піша media-polesye.by.

skrinshot_video_ne_moya_nagrada.jpeg


Сваё рашэнне жыхар горада Століна Аляксандр Велясніцкі патлумачыў у відэазвароце, размешчаным у сацыяльных сетках. Яно было прынята пасля таго, як у інтэрнэце з'явіўся ўказ Лукашэнкі аб узнагароджанні такім жа медалём цэлага шэрагу супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў. Гэты ўказ быў падпісаны 13 жніўня 2020 года, на чацвёрты дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў на фоне масавага гвалту з боку сілавікоў над мірнымі грамадзянамі.


— Я прыняў гэтую ўзнагароду з гонарам. Больш чым 15 гадоў сапраўды годнай службы ў памежных войсках і органах памежнай службы давалі падставу лічыць, што я маю права насіць гэтую ўзнагароду на сваім парадным кіцелі. Так было да ўчорашняга дня. Учора я даведаўся, што гэткім жа медалём у тэрміновым парадку ўзнагароджваюць тых, хто ўдзельнічае ў выкраданнях, збіваннях і катаваннях мірных людзей, жанчын і мужчын, непаўналетніх і падлеткаў, старых. Карнікам была пастаўлена задача пасеяць страх сярод іншадумцаў. Цяпер, аказваецца, бездакорна служыць той, хто залівае крывёю асфальт унутраных стаянак РУУС і катавальных камер на Акрэсціна. Жалезны крыж Трэцяга Рэйха іх узнагарода. Гэта забойцы і каты беларускага народа, — сказаў Аляксандр Велясніцкі ў відэазвароце.