За выкананне злачыннага загаду — крымінальная адказнасць. Артыкул 40 КК РБ
Ці будуць пакараныя службовыя асобы, які выдавалі злачынныя загады жорстка затрымліваць людзей, катаваць і здзекавацца з іх у пастарунках? Ці адкажуць тыя, хто выконваў злачынныя загады? Адвакат Дзмітры Гарачка распавёў svaboda.org, чаму ён мяркуе, што гэта магчыма.
Паводле артыкулу 40 Крымінальнага кодэксу Беларусі, асоба, якая здзейсьніла наўмыснае злачынства, падпарадкаваўшыся загаду, нясе за гэта крымінальную адказнасць на агульных падставах. Адмова ад выканання злачыннага загаду не караецца крымінальнай адказнасцю.
Першы пункт артыкулу 40 кажа, што крымінальную адказнасць за прычыненне шкоды нясе той, хто выдаў незаконны загад:
«Не з'яўляецца злачынствам прычыненне шкоды інтарэсам, якія ахоўвае гэты Кодэкс, асобаю, якая дзейнічае, выконваючы абавязковы для яе загад ці распараджэнне, выдадзеныя ўстаноўленым чынам. Крымінальную адказнасць за прычыненне такой шкоды нясе асоба, якая выдала незаконны загад ці распараджэнне».
Даказаць, што загад быў у вуснай форме, цяжка, але магчыма
Адвакат Дзьмітры Гарачка тлумачыць, што спачатку трэба высветліць, ці быў загад на жорсткія дзеянні наагул, ці быў ён належна аформлены. Калі быў, то ў якім выглядзе — пісьмовым ці вусным.
«Пісьмовы загад павінен быць зарэгістраваны і ў ім дакладна мусіць быць напісана, што каму даручаюць. Тут прасцей: трэба праверыць гэты загад на адпаведнасць дзейнаму заканадаўству, і праблема закрыта», — кажа адвакат Дзмітры Гарачка.
Калі загад быў у вуснай форме, то, як паказвае судовая практыка, даказаць гэта надзвычай складана.
«Бо любая службовая асоба будзе казаць, што яна такога загаду не давала. І тут ужо ўзнікае „эксцэс выканаўцы“, які выйшаў за межы таго, што мусіў выконваць. Які, скажам так, „перагнуў палку“. Ён павінен панесці адказнасць. Але толькі ў тым выпадку, калі набярэцца вялікая колькасць ускосных доказаў, што ён перавысіў паўнамоцтвы.
Але калі не будзе вызначана дакладна, даслоўна, які быў загад начальніка, на што канкрэтна накіраваны, то ён не будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. А той, хто выконваў і перагнуў — будзе. Паўтаруся: пры ўмове, калі выканаўца не змог даказаць, што быў такі загад», — тлумачыць адвакат Дзмітры Гарачка.
Паводле юрыста, камандзіры маглі сказаць: «Хлопцы, рабіце, што хочаце, а вы вас, калі што, потым прыкрыем». Ён не выключае такога варыянту.
«Альбо калі выканаўца разумее, што ён можа рабіць што хоча, і за гэта яму нічога не будзе. Бо загад быў дадзены ў вельмі расплывістай форме. І тут ужо ў каго наколькі сумлення ці маральных абмежаванняў хапае», — патлумачыў Дзмітры Гарачка.
Што да шматлікіх сведчанняў пра жорсткія затрыманні, катаванні, зверствы ў міліцэйскіх пастарунках і ў ізалятарах, адвакат кажа, што трэба адкінуць эмоцыі і пастарацца канкрэтна вызначыць вінаватых, а не агулам абвінавачваць, да прыкладу, увесь АМАП.
Ён раіць абавязкова звяртацца менавіта ў Следчы камітэт з патрабаваннем завесці крымінальную справу. Але з доказамі, сведкамі. Ёсьць дакладна вызначаны парадак, кажа ён.
«Спачатку правільна фіксуюцца цялесныя пашкоджанні, фіксуюцца знакі пабіцця. Калі адразу не ўдаецца прайсці судова-медычную экспертызу, неабходна, каб ўсё падрабязна апісаў лекар. Каб потым адмыслоўцу было зразумела, якія цялесныя пашкоджанні нанесеныя, калі. Абавязкова пазначаць абставіны, пры якіх яны атрыманыя.
Потым следчы праводзіць праверку, заводзіць справу, дапытвае сведкаў. І вызначаецца канкрэтная асоба, якая прычыніла пашкоджанні. І гэтую асобу прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.
Цяпер працэс пайшоў. Я ведаю ад калег, што заявы актыўна падаюць. Але зразумейце правільна: рашэнні па іх будуць прымацца не імгненна. Не раней чым праз месяц. Пакуль не пройдуць экспертызы і ўсе следчыя дзеянні, калі ў следчага будуць пэўныя падставы», — папярэджвае адвакат.
Дзмітры Гарачка расказаў, што да яго ўжо звярнуліся некалькі чалавек, затрыманне якіх здымалі сябры. І знайшліся сведкі з боку, якія бачылі, што чалавек не супраціўляўся, быў заведзены ў аўтазак без усялякага супраціву.
«Тады лёгка можна даказаць, што цялесныя пашкоджанні нанесьлі пазьней: альбо ў аўтазаку, альбо ў пастарунку, альбо ў ізалятары.
Што да здзекаў і катаванняў у турмах на Акрэсціна, у пастарунках, таксама патрэбныя доказы і сведкі. Калі чалавек памятае, хто з ім быў у камеры — гэтых людзей трэба залучыць як сведкаў.
То-бок каб прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў паводле закону, трэба падаваць доказы», — падсумоўвае адвакат Дзмітры Гарачка.