У Варшаве невядомы напаў на беларускага журналіста Іллю Дабратвора

«Беларуская асацыяцыя журналістаў» паведамляе, што ў пятніцу, 14 кастрычніка, быў здзейснены напад на журналіста Іллю Дабратвора. Нападніка злавіць не ўдалося.

Ілля Дабратвор. Фота: facebook.com

Ілля Дабратвор. Фота: facebook.com


Увечары 14 кастрычніка невядомы напаў на журналіста і вядоўцу Youtube-канала «Руху "За Свабоду"» Іллю Дабратвора каля яго дома ў Варшаве.
Як паведамляе БАЖ, у выніку нападу, які адбыўся без аніякіх прычын, Ілля Дабратвор атрымаў пералом носа і чэрапна-мазгавую траўму. Ён звярнуўся па медыцынскую дапамогу і ў паліцыю. Паводле слоў журналіста, нападніка пакуль затрымаць не ўдалося.
Дабратвор звязвае гэты напад са сваёй прафесійнай дзейнасцю.
Цягам апошніх месяцаў да журналіста дадому рэгулярна наведваліся сілавікі. Яго жонку Іну Дабратвор неаднаразова каралі вялізнымі штрафамі нібыта за пікетаванні, і жанчына вымушаная была з'ехаць у Польшчу.
17 траўня была распаўсюджаная інфармацыя, нібыта журналіста затрымалі. Пазней яе зняпраўдзіў сам Ілля: ён быў на допыце ў Следчым камітэце.
Неўзабаве Ілля Дабратвор разам з пяццю непаўналетнімі дзецьмі таксама з'ехаў з Беларусі.