У Ваўкавыску затрымалі вернікаў пасля набажэнства

У нядзелю 4 кастрычніка ў ваўкавыскім храме Святых апосталаў Пятра і Паўла прайшло набажэнства за ўсталяванне міру на беларускай зямлі. Людзі, якія выходзілі з храма, раптам убачылі міліцыянераў. Пачаліся затрыманні.

Святар Аляксандр Богдан, іерэй храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ваўкавыску

Святар Аляксандр Богдан, іерэй храма Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ваўкавыску


Па словах благачыннага іерэя Аляксандра Юзвэ, які праводзіў службу, у набажэнстве не было нічога незвычайнага, акрамя часу правядзення.

— Такія набажэнствы праходзяць па дабраславенні мітрапаліта кожную нядзелю і яшчэ ў пятніцу, — расказвае іерэй. — У гэту нядзелю па просьбе вернікаў мы правялі набажэнства ў 15:00, хоць і ёсць дабраславенне мітрапаліта праводзіць у 17:00. Аўдыторыя была 35 плюс і старэйшыя.

На царкоўнай тэрыторыі ўсё было спакойна, нічога не адбывалася. Гэта адбывалася ў горадзе на вуліцы Зенітчыкаў.

Паводле версіі УУС Гродзенскага аблвыканкама, некаторыя асабліва актыўныя прыхаджане пасля набажэнства накіраваліся ў цэнтр горада, пазначылі сябе незарэгістраванай сімволікай і выкрыквалі лозунгі. Міліцыя вымушаная была прыняць меры. Затрыманых даставілі ў раённы аддзел для «прафілактычнай гутаркі», пратаколы не складаліся.

— Затрыманні былі да і пасля набажэнства. Адзін чалавек расказаў, што яго затрымалі пасля таго, як ён нібыта адправіў нейкае паведамленне ў «Тэлеграме». Яго затрымалі як падазраванага ў падпале маёмасці міліцыянера. Таксама мне расказалі, што чалавек пяць затрымалі адразу пасля набажэнства, а астатніх ужо пасля таго, як яны ішлі па дарозе дадому, — расказвае іерэй Аляксандр Богдан. — Людзі на набажэнства прыйшлі самыя розныя, не толькі праваслаўныя. У гарадскім чаце быў заклік ісці без сімволікі, што гэта будзе не мітынг, а проста набажэнства за мірнае неба над Беларуссю.

Айцец Аляксандр не быў сведкам затрыманняў. Але, на яго думку, затрымліваць людзей пасля набажэнства — не самая лепшая ідэя.

— Чыста маё меркаванне — вядома ж, гэта выглядае неяк дзіўна. Лепш было знайсці іншы час для затрымання, каб не выклікаць у людзей неўразумення наконт дзеянняў нашых праваахоўных органаў, — разважае іерэй. — Яшчэ адна пляма лягла на іх рэпутацыю праз гэтыя дзеянні. Пачакалі б яны гадзіну ці дзве і прыехалі б потым затрымалі. Горад невялікі, доўга шукаць нікога б не давялося. А так атрымліваецца, што ўсё гэта выглядае вельмі дзіўна. Апраўданняў гвалту няма. Гвалт трэба асуджаць, а не апраўдваць.

Айцу Аляксандру суд Ваўкавыска ўжо выносіў папярэджанне за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Наўмысна на мітынгі ён не ходзіць — Аляксандр жанаты чалавек і не хоча лішні раз трывожыць родных.

— Не ведаю, калі наступіць мір на беларускай зямлі, але мне хацелася б, каб ён наступіў хутчэй. Каб можна было спакойна гуляць па горадзе і не баяцца, што цябе за гэта затрымаюць і складуць пратакол за тое, што ўдзельнічаеш у нейкай несанкцыянаванай акцыі.

Паводле Еўрарадыё