У Бабруйску за гадзіну сабралі каля 300 подпісаў супраць замежных вайсковых баз (фота)
У Бабруйску актывісты аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ўвечары 30 кастрычніка правялі збор подпісаў супраць размяшчэння замежных вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі. Збор праходзіў у гістарычным цэнтры горада — каля драматычнага тэатра імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
За гадзіну збору подпісаў сем актывістаў сабралі прыблізна 300 подпісаў гараджанаў — многія з іх вярталіся з размешчанага побач рынку, распавяла каардынатар аргкамітэту БХД Таісія Кабанчук.
Паводле яе, людзі падзяліліся на тры групы. Хтосьці заяўляў, што замежныя базы (яны мелі на ўвазе расейскія) краіне патрэбныя, і без іх Беларусі не вытрывае. Хтосьці казаў, што палітыкай не цікавіцца
і ў гэтым не разбіраецца, спрабуючы як мага хутчэй мінуць зборшчыкаў подпісаў. Але ж большасць актыўна падтрымлівала актывістаў і пакідала свае подпісы ў падтрымку таго, каб замежных вайсковых базаў
у Беларусі не было, падкрэсліла Таісія Кабанчук.