У Гродне вынесены смяротны прысуд, яшчэ два суды могуць вынесці бліжэйшым часам

20 лістапада 2015 года Гарадзенскі абласны суд пад старшынствам суддзі Анатоля Зайца вынес смяротны прысуд жыхару Лідскага раёна Івану Куляшу. 



sud9.jpg

naviny.by

Іван Кулеш абвінавачаны адразу ў трох жудасных забойствах з прымяненнем сякеры, крадзяжы і рабаванні. Дзяржаўнае абвінавачванне запатрабавала выключнай меры пакарання – расстрэлу.

ПЦ “Вясна” нагадвае, што судовы працэс па гэтай справе распачаўся 14-га верасня. Абвінавачваемы 28-гадовы Іван Кулеш выхаванец дзіцячага дому, жыў без сям’і, скончыў усяго 9 класаў школы. У 18 год быў асуджаны першы раз за крадзёж. У 2014-м годзе яго абвінавачвалі ў непраўдзівым даносе і крадзяжы.

Іван Кулеш афіцыйна нідзе не працаваў. Зарабляў зборам грыбоў і ягад і іншымі часовымі падзаробкамі. Жыў у вёсцы Сялец Лідскага раёну, хоць і прапісаны ў Баранавіцкім раёне. Мае малалетняе дзіця.

Адразу два смяротныя прысуды можа вынесці Гомельскі абасны суд, які 19 лістапада пачаў слуханні крымінальнай справы па трайным забойстве. Абвінавачваюцца ў забойстве сваіх сваякоў жыхары Жлобіна, Аляксандр і Рубіна, абое 1992 года нараджэння.

Жорсткае злачынства было здзейснена ў кастрычніку мінулага году. Спачатку ў лесе пад Жлобінам быў знойдзены аўтамабіль с парэшткамі забітых мужа і жонкі і іх старэйшага сына, мясцовых жыхароў. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства былі затрыманы малодшы сын забітых і нявестка – жонка забітага старэйшага брата. 

Абодва абвінавачаныя раней не судзімыя, і ён і яна маюць адукацыю шэсць класаў. За забойства траіх чалавек Аляксандру пагражае смяротнае пакаранне. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае для жанчын смяротнае пакаранне, максімум – 25 гадоў пазбаўлення волі. 

Днямі Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 33-гадовага мужчыны, абвінавачанага ў жорсткім забойстве дзвюх жанчын.

Мужчыну прад'яўлена канчатковае абвінавачанне па ч.2 арт.139 (забойства), ч.1 і ч.2 арт.166 (згвалтаванне), ч.2 арт.167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару), ч.1 ст.182 (выкраданне чалавека), ч.1 і ч.2 арт.205 (крадзеж) Крымінальнага кодэкса. Справа перададзена ў суд. Мужчыну пагражае смяротнае пакаранне.