Уладзімір Лабковіч: «Мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзіру і спрабуем дакрычацца»
Палітзняволены Уладзь Лабковіч даслаў ліст з СІЗА-1 ад 25 студзеня. Ён піша, што спіць толькі па дзве гадзіны на суткі, галава бесперапынна баліць ужо месяцы тры, а лісты не прыходзяць, паведамляюць праваабаронцы.
Уладзімір Лабковіч распавядае, што лісты да яго амаль не даходзяць, хоць і ведае, што яму пішуць родныя, калегі і неабыякавыя людзі.
Таксама Уладзь піша, што ўжо два тыдні (з 11 студзеня) спіць толькі па дзве гадзіны на суткі, а галава бесперапынна баліць ужо месяцы тры.
“Лісты не даходзяць зусім. Іншапланецяне вырашылі, што я мушу застацца ў гэтай касмічнай бездані і цемры без лістоў. Мне трапляе толькі па аднаму лісту ад мамы і Ніны [жонкі].
Вось ужо два тыдні [прайшло] з апошняга ліста ад іншых (з 11 студзеня). І вось мы стаім і ўзіраемся ў чорную дзіру і спрабуем дакрычацца. Але ў гэтай дзіры знікае ўсё: мары, надзеі, час, цяпло”.