Уначы ўзламалі тэлеграм-канал «Нашай Нівы» і выдалілі навіны за 25 сакавіка
Цяпер рэдакцыя «Нашай Нівы»
аднавіла кантроль над узламаным каналам. Аднак 1300 падпісчыкаў
паспелі выдаліць.
![nashaniva.by__638x359_c_center.png nashaniva.by__638x359_c_center.png](/img/v1/images/nashaniva.by__638x359_c_center.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Наша Ніва» распавяла, што спробы іх узламаць адбываліся другую ноч запар — прыблізна а 3-й ночы работнікі НН атрымліваюць паведамленні пра спробы ўзлому. Прычым спрабавалі ўзламаць не толькі тэлеграм-акаўнты штатных супрацоўнікаў выдання, але і пазаштатных.
У ноч з 25 на 26 сакавіка невядомыя часова атрымалі доступ да тэлеграм-канала «Нашай Нівы»: зламыснікі здолелі ўзламаць акаўнты трох супрацоўнікаў, у тым ліку намесніка галоўнага рэдактара Змітра Панкаўца.
У гэты час невядомыя змянілі назву канала на непрыстойную, выдалілі ўсе навіны за 25 сакавіка і пачалі блакаваць падпісчыкаў. Яны паспелі выдаліць каля 1300 падпісчыкаў, пакуль адміністратар НН не вярнуў сабе кантроль над каналам.
«Наша Ніва» падкрэсліла, што ўзломшчыкі маглі бачыць толькі імя акаўнта, што падпісаны на тэлеграм-канал выдання, атрымаць персанальную інфармацыю падпісчыкаў яны не маглі — папросту выдалялі людзей аднаго за адным.