Урбаніст Дзмітры Бібікаў: «Мінск губляе самы характэрны і цікавы аб'ект — водна-зялёны дыяметр»
Кожны горад свету мае знакавыя аб'екты, месцы, помнікі, якія вылучаюць яго сярод сотняў іншых населеных пунктаў і прывабліваюць знешніх гледачоў. Для Мінска, як не дзіўна, такім элементам з'яўляюцца не Лядовыя палацы ці гандлёвыя цэнтры, а водна-зялёны дыяметр — прыродная артэрыя, якая насычае сталіцу кіслародам і дае ў сваім улонні прытулак гарадской фаўне.
На жаль, у апошнія гады назіраецца сістэматычнае скарачэнне рэкрэацыйнай зоны пад забудову, што не толькі ламае эстэтыку гарадской прасторы, але і перакрывае доступ для ветравых патокаў. Зялёны партал пачынае публікаваць серыю бліцаў з экспертамі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя — урбаністамі, гісторыкамі і медыяперсонамі, якія дзеляцца сваімі меркаваннямі і ўражаннямі пра сённяшнюю сітуацыю з водна-зялёным дыяметрам.
«Водна-зялёны дыяметр — гэта, па-першае, грамадская прастора. Паркі — месца сустрэч гараджан, і ні ў якім разе нельга дапусціць прыватызацыю каштоўных тэрыторый горада, таксама як і дэградацыю асобных участкаў дзеля фінансавай выгоды, — падкрэслівае ўрбаніст Дзмітры Бібікаў. — Па-другое, рэкрэацыйны патэнцыял водна-зялёнага дыяметру: ён валодае каласальнымі магчымасцямі ў гэтым плане, што асабліва важна з улікам колькаснага росту і шчыльнасці насельніцтва сталіцы. У маштабах усяго Мінска дыяметр — выдатны сродак падтрымання камфортнасці гарадскога асяроддзя, паркавыя магістралі сталі адной з самых характэрных рыс горада».
У сувязі з гэтым відавочна, што сталіца не толькі губляе самы цікавы аб'ект, які не зможа функцыянаваць паўнацэнна, калі будзе забудаваная. Перарывістасць дыяметру негатыўна адаб'ецца на яго экалагічным значэнні. І гараджане ўжо могуць адчуць наступствы, якія нясе з сабой «замена» натуральных прыродных зон на шкляныя гмахі і якія, акрамя ўсяго, псуюць эстэтычны выгляд Мінска.
Дзмітрый зазначае, што праблему варта разглядаць комплексна, бо яна адлюстроўвае адносіны да зялёных зон і забудовы ў цэлым, якія арыентаваны на дасягненне кароткатэрміновых фінансавых выгод, пагаршаючы горад у доўгатэрміновай перспектыве. Для яе вырашэння неабходна ўспрымаць водна-зялёны дыяметр як каштоўны аб'ект, які неабходна развіваць, а не падвяргаць знішчэнню.
«Маё любімае месца знаходзіцца вышэй Палаца моладзі, дзе водна-зялёны дыяметр бліжэй усяго да прыроднага віду, там проста прыгожа, асабліва восенню», — дадае ўрбаніст.
Хрысціна Чарняўская, greenbelarus.info
Фота: Антон Матолька, Минская урбанистическая платформа / Facebook