Валерый Карбалевіч: Чаму Лукашэнка загаварыў пра магчымасць блакавання сацсетак
Спроба заблакаваць сацыяльныя сеткі, пра магчымасць якой Аляксандар Лукашэнка заявіў 25 сакавіка, мала што зменіць.
— Калі ў краіне разгараецца эканамічны крызіс, абвальваецца абменны курс рубля, нарастае дэфіцыт валюты і тавараў у крамах, спыняюцца вытворчасці, то якая самая важная тэма павінна абмяркоўвацца кіраўніцтвам дзяржавы? — цытуе вядомага палітолага Валерыя Карбалевіча «Салідарнасць» са спасылкай на радыё, прызнанае ў Беларусі «экстрэмісцкім». — Правільна, вы ўгадалі: аб бягучых пытаннях дзейнасці СМІ. Нарада на гэтую тэму адбылася 25 сакавіка ў Лукашэнкі. Што ў каго баліць...
Логіка тут
відавочная. Калі ў краіне цяжкая сітуацыя, то трэба ўзмацніць кантроль над СМІ,
інфармацыйнымі рэсурсамі. Каб даводзіць людзям, што чорнае — гэта белае, а тое,
што яны бачаць на ўласныя вочы, — няпраўда. І гэтак далей.
Не выпадкова
Лукашэнка выдаў хвалебны спіч прапагандзе. У яго ёсць асабісты жыццёвы
досвед яшчэ савецкіх часоў, калі ідэалогія, прапаганда выконвалі важную ролю ў
існаванні камуністычнага рэжыму.
Дый досвед
1990-х — 2000-х гадоў вельмі пераканаўча дэманстраваў простую рэч: у каго манаполія
на медыя, той і дамінуе ў палітыцы. Ягоная настальгія па тым перыядзе
зразумелая.
Але тыя часы
беззваротна мінулі. Свет уступіў у эпоху інтэрнэту. А неразваротлівая
дзяржаўная прапаганда не можа паспяхова функцыянаваць ва ўмовах канкурэнцыі.
Дыскутаваць з апанентамі, спрачацца з дапамогай аргументаў афіцыйныя медыя не здольныя паводле самой сваёй прыроды. Лукашэнка, кажучы пра інтэрнэт, быў
вымушаны прызнаць: «...Гаварыць, што наша інфармацыя дамінуе, што мы там перамагаем,
пакуль, напэўна, заўчасна».
Адзіны вядомы
ўладам спосаб дзеяння ў гэтых умовах даўно вядомы, ён немудрагелісты і
зводзіцца да простага, як аглобля, метаду: заткнуць рот апаненту, карыстаючыся
механізмам дзяржаўнага прымусу.
Уласна кажучы,
увесь перыяд кіравання Лукашэнкі — гэта гісторыя змагання з незалежнымі
медыя з дапамогай рэпрэсій. Пасля 2020 года ўлады, здаецца, забаранілі ўсё,
што толькі можна.
Цяпер на парадак
дня пастаўлена пытанне пра забарону сацыяльных сетак, YouTube і інш. Здаецца,
гэтая тэма і была галоўнай на нарадзе.
І тут стаўка
робіцца на падтрымку Расіі, у якой большыя магчымасці блакаваньня інтэрнэту.
Не выпадкова Лукашэнка адзначыў, што «развіваць трэба свае рэсурсы, у тым ліку
і разам з расійцамі».
Але праблема тут вось
у чым. Тое, што добра працуе ў Расіі, у Беларусі не дае вялікага эфекту. У РФ
грамадства пераважна давярае дзяржаўным тэлеканалам. Што спрычынілася да
масавай падтрымкі вайны супраць Украіны.
У Беларусі давер да дзяржаўных медыя непараўнальна меншы. І забарона недзяржаўных СМІ не змагла радыкальна памяняць сітуацыю. Мяркую, чарговая спроба заблакаваць сацыяльныя сеткі мала што зменіць.