На расійскага блогера завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі
У дачыненні да Краснадарскага блогера і актывіста Леаніда Кудзінава распачалі крымінальную справу за абразу прадстаўнікоў улады. Справа ўзбуджаная па запыце беларускіх сілавых ведамстваў, паведамляе выданне «Каўказ. Рэаліі».
Гаворка ідзе пра ролік, размешчаны Кудзінавым на Youtube,
прысвечаны беларускім пратэстам 2020 года. Па версіі следства, відэа
размешчана з мэтай «дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь» і
«наўмыснага прыніжэньня гонару і годнасці кіраўніка дзяржавы». Крымінальная
справа была распачата ў лістападзе 2021 года ў Гомелі, і пазней перададзена ў
Расію, у аддзел Следчага камітэта па Прыкубанскай акрузе Краснадара.
Адвакат блогера Міхаіл Беньяш у каментары выданню заявіў,
што Кудзінаў мог дапускаць у відэа рэзкія і экспрэсіўныя выказванні, аднак яны,
на думку юрыста, не выходзяць за рамкі дапушчальнай крытыкі палітыкаў. Ён
таксама адзначыў, што ў крымінальнай справе гаворка ідзе не толькі аб абразе
Лукашэнкі, але і аднаго беларускага суддзі і некалькіх міліцыянтаў.
«Атрымліваецца, іх крытыка з'яўляецца абразай ўлады ў
Расіі», — сказаў адвакат. Ён таксама дадаў, што блогер не будзе аспрэчваць яго
прыцягненне да гэтай справы, аднак мае намер даказваць яго незаконнасць у
судзе.