Валерый Карбалевіч: «Галоўная задача Акадэміі навук — забеспячэнне лаяльнасці існуючай уладзе»

Палітычны аглядальнік — аб тым, ці рэалістычная задача, якую Лукашэнка паставіў перад навукоўцамі.

akad25.jpg

На цырымоніі ўручэння дзяржпрэмій і дыпломаў акадэміка і члена-карэспандэнта вучоным Нацыянальнай акадэміі навук кіраўнік назваў стратэгічную задачу для навукі і вытворчасці:

— Гэта павышэнне эфектыўнасці навуковых пошукаў, стварэнне сучасных тэхналогій і іх шырокае ўкараненне.

Таксама Лукашэнка заклікаў забяспечыць выхад эканомікі на ўзровень устойлівага інавацыйнага развіцця і значна павысіць валавы ўнутраны прадукт:

— Па сутнасці, у нас няма іншага выбару — мы павінны быць сярод лідараў.

Наколькі рэалістычная гэтая задача?

— Навука — частка эканамічнай і сацыяльнай сістэмы. Калі гэтая сістэма дэградуе, то непазбежна павінна дэградаваць і навука, — адзначыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» Валерый Карбалевіч. — І яна сапраўды дэградуе, таму што з кожным годам даход ад укладання ў навуку ўсё менш.

Да таго ж у Беларусі захавалася архаічная сістэма: Акадэмія навук — спадчына Савецкага Саюза, з нярынкавай структурай, якую спрабуюць упісаць у эканоміку, дзе па-ранейшаму дзейнічаюць адміністрацыйныя метады. Таму хутчэй гэта нейкія рытуалы, якія час ад часу Лукашэнка прамаўляе наконт інавацый, навукі і іншае.

Ва ўмовах тых падзей, якія адбываюцца, калі нелаяльных навукоўцаў выганяюць, калі на першае месца выходзяць не навуковыя дасягненні, не прафесіяналізм, а палітычная лаяльнасць, чакаць ад Акадэміі навук чагосьці эфектыўнага наўрад ці магчыма.

Тым больш намеснікам Старшыні Прэзідыума прызначаны былы намеснік старшыні КДБ. Галоўная задача Акадэміі навук — гэта не столькі вытворчасць навуковай прадукцыі, колькі забеспячэнне лаяльнасці існуючай улады.