Лукашэнка — Пазьняку: Дзе ты быў у 2020 годзе, калі нас гатовы былі акупаваць?

Аляксандр Лукашэнка сёння, зацвярджаючы рашэнне аб ахове мяжы, адказаў на словы Зянона Пазьняка аб акупацыі Беларусі.

racyja.com

racyja.com


Зянон Пазьняк у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» заявіў, што пад выглядам вучэння «Саюзная рашучасць 2022» адбываецца акупацыя Беларусі, у прыватнасці, ён згадаў 200 расійскіх эшалонаў і 80-100 тыс. вайскоўцаў. Паводле слоў Лукашэнкі, ён ніколі не дазволіць акупаваць Беларусь, а 200 чыгуначных саставаў у яе проста не змесцяцца. Ён таксама спытаўся ў Пазьняка, дзе той быў у 2020 годзе.
«Я ніколі не апускаўся да таго ўзроўню, каб палемізаваць са сваімі супернікамі і апанентамі, але сёння, атрымаўшы агляд, я са здзіўленнем прачытаў тое, што ў нас «адбылася акупацыя Беларусі». Я як галоўнакамандуючы неяк не заўважыў. Можа, вы мяне не паінфармавалі, што тут у нас ажыццёўленая «акупацыя Беларусі»? — сказаў ён. Відэафргамент сустрэчы апублікаваў тэлеграм-канал "Пул первого".
Ён працытаваў вытрымкі з інтэрв'ю Зянона Пазьняка і назваў яго антыподам сваёй палітыкі. На думку Лукашэнкі, сённяшнія апаненты ўлады саступаюць Пазьняку.
«Я рэдка называю прозвішчы, але звяртаюся да слоў Зянона Станіслававіча не таму, што ён для нас нейкі ўзор. Гэта антыпод нашай палітыкі. Але я яго вельмі добра ведаю, як і ён мяне. Чалавек не дурны, разумее ўсё. Усе беглыя нашы вельмі далёкія ад яго ў плане разумення», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«У страху вочы вялікія, таварыш прэзідэнт, усё ідзе па плане», — паспяшаўся ўставіць слова дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, прыўстаўшы са свайго крэсла.
«Ну справа нават тут, магчыма, Аляксандр Рыгоравіч, не ў страху, а ў інтэрпрэтацыі гэтых фактаў. 200 цягнікоў, якія прывязуць сюды і тэхніку, і 100 тысяч жывой сілы. Ну слухайце, вы ваенны чалавек, 200 саставаў чыгуначных — ніколі гэта не змесціцца», — падлічыў Лукашэнка.
«Разлікі абсалютна няправільныя», — падтакнуў Вальфовіч.
«Гэта ж элементарна палічыць, нават калі ты не ведаеш, што такое войска, не служыў ніколі там. Гэта простая школьная арыфметыка. Але справа не ў гэтым. Я чамусьці падкрэсліў гэта, атрымліваючы інфармацыю ад разведкі, КДБ, памежнікаў, ваш аналіз, у тым ліку і палітычны вось гэты аналіз. Я падумаў: дзе ж ты быў, змагар за суверэнітэт і незалежнасць, у 2020 годзе, калі нас вось-вось гатовы былі акупаваць? Чаму тады не бараніў суверэнітэт і незалежнасць? Дзе ты быў? І самае галоўнае, я ўжо звяртаюся да тых, хто, прачытаўшы гэта і пачуўшы гэта ў Беларусі (а гэта частка нашага грамадства, частка дзяржавы, дзе я з'яўляюся прэзідэнтам), і для Зянона хачу сказаць: ніколі, ніколі, прынамсі, пакуль я прэзідэнт і вы генералы, мы не дапусцім акупацыі Беларусі. Гэтага не будзе ніколі ні з якога боку. Ні злева, ні справа, ні з захаду, ні з усходу, ні з поўначы, ні поўдня. Ніколі. Мы памром, але гэтага не дапусцім. Таму не трэба спекуляваць на гэтай тэме», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён заявіў аб намеры разгарнуць групоўку беларускіх войскаў на паўднёвым напрамку.
«Што датычыцца нашых вучэнняў з Расійскай Федэрацыяй. Яны даўно былі абвешчаныя. У мінулым годзе мы правялі маштабныя вучэнні. У гэтым годзе правядзём вучэнні на поўдні нашай Беларусі. Гэта яшчэ для нас важна, таму што нам давядзецца там разгарнуць цэлы кантынгент беларускай арміі. Пра гэта і ў Лунінцы гаварылі. І тут гэта не звязана ні з якой акупацыяй. Мы проста жадаем абараніць нашу паўднёвую мяжу. А падобным палітыкам трэба звярнуць увагу на канцэнтрацыю войскаў не толькі на граніцы Латвіі, Літвы, Польшчы, але і Украіны. Не мы першымі пачалі зважаць на паўднёвую нашу мяжу. Украінцы пачалі сцягваць туды войска. Не разумею, навошта», — дадаў Лукашэнка.
reform.by