Вальфовіч двухсэнсоўна адказаў на пытанне аб вывадзе расійскіх войскаў
Дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі выступіў са скандальнай заявай, адзначае reform.by.

Дзяржсакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч
выступіў са скандальнай заявай аб тым, што расійскія вайскоўцы могуць не
вярнуцца дадому пасля заканчэння вучэння «Саюзная рашучасць — 2022». Пра гэта
ён заявіў журналістам падчас фінальнага розыгрышу тактычнага эпізоду практычных
дзеянняў войскаў на палігоне «Абуз-Лясноўскі».
Вучэнне павінна завяршыцца 20 лютага. Вальфовіч зняпраўдзіў
чуткі аб іх падаўжэнні да 22 лютага, аднак адзначыў, што праверка войскаў не
закончаная. Далей журналісты па-рознаму перадаюць сказанае дзяржсакратаром.
«Спутник Беларусь» паведамляе, што «ніхто не
казаў, што заўтра ці паслязаўтра расійскія вайскоўцы вернуцца ў РФ» і так
перадае словы Вальфовіча:
«Ніхто не казаў, што заўтра ці паслязаўтра расійскія
вайскоўцы вернуцца ў Расію. Заўтра завяршаюцца вучэнні "Саюзная
рашучасць", а раптоўная праверка працягваецца. Калі і да якога часу, гэта
будзе вызначана галоўнакамандуючымі».
Дзяржагенцтва БелТА інакш інтэрпрэтуе словы
высокапастаўленага чыноўніка. Яно паведамляе аб завяршэнні вучэння, але не аб
завяршэнні праверкі войскаў.
«Вучэнні — адзін з этапаў завяршальнай стадыі праверкі. Самі вучэнні праведзеныя. Праверка можа быць працягнутая. Калі, да якога часу — рашэнне прыме кіраўнік праверкі», — удакладніў Аляксандр Вальфовіч.