Павел Усаў: Маскве патрэбна хуткая і паспяховая вайна — а гэта сёння наўрад ці дасягальна

Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграме разважае, што зацяжная вайна ва Украіне стане не толькі канцом рэжыму Пуціна, але і крахам Расіі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__16__logo.jpg

— Расія не можа быць упэўненая ў хуткім ваенным поспеху ва Украіне. Маштабная зацяжная вайна з мноствам ахвяр — гэта канец існавання не толькі рэжыму Пуціна, але і Расіі.

Нават калі Расія здолее акупаваць частку тэрыторыі Украіны, захапіць і кантраляваць усю тэрыторыю, без татальнага знішчэння мірнага насельніцтва гэта ў прынцыпе немагчыма.

Маскве патрэбна хуткая і паспяховая вайна, свой blitzkrieg — і стабільны кантроль над акупаванай тэрыторыяй, а гэта сёння наўрад ці дасягальна.

Гэтага не здарылася ў 2014 годзе, калі сітуацыя была больш спрыяльнай. У некаторай ступені ваенны поспех можа быць гарантаваны ў тым выпадку, калі гібрыдныя дзеянні Расіі, інфармацыйная атака прывядзе да калапсу ваенных і палітычных інстытутаў ва Украіне і сацыяльнай капітуляцыі.

На гэта, верагодна, Крэмль і разлічваў. Але пакуль украінская дзяржава захоўвае ўстойлівасць і гатоўнасць да дзеяння — а гэта галоўны механізм стрымлівання агрэсара.