«Валізкі сабраныя». Тадэвуш Кандрусевіч можа вярнуцца ў краіну ўжо сёння

Ёсць верагоднасць, што кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі зможа вярнуцца ў краіну ўжо сёння. Вырашаюцца тэхнічныя моманты.

kondrusevich_vstrecha_v_mvd.jpg


«Толькі што размаўляў з мітрапалітам. Ён пакуль вырашае тэхнічныя моманты, але валізкі сабраныя. Спадзяемся, што сёння будзе ў Мінску», — паведаміў TUT.BY прэс-сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько.

Дэталяў пра дакладны час і спосаб вяртання ў краіну пакуль няма.

Учора, 22 снежня, Апостальскі Нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заявіў: паводле інфармацыі дзяржаўных органаў, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не мае перашкод для вяртання ў краіну.

Пра тое, што пытанне з вяртаннем у Беларусь кіраўніка каталіцкай царквы Тадэвуша Кандрусевіча будзе вырашана, таксама гаварыў Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, адпаведнае даручэнне — знайсці рашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў — даў Лукашэнка.

Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Кандрусевіч не мог вярнуцца ў краіну каля трох месяцаў. Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу «для кансультацый», «як разбураць нашу краіну».

31 жніўня памежнікі не прапусцілі Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

Цяпер мітрапаліт Мінска-Магілёўскі часова жыве ў парафіі Святога Антонія ў польскай Сакулцы, якая знаходзіцца прыкладна ў 15 кіламетрах ад беларускай мяжы. Кіраўніцтва Касцёлам у Беларусі арцыбіскуп Кандрусевіч ажыццяўляе дыстанцыйна.

Нядаўна арцыбіскуп Кандрусевіч напісаў прашэнне аб адстаўцы — 3 студзеня 2021 года яму споўніцца 75 гадоў, і ён афіцыйна павінен сысці ў адстаўку, на пенсію ўзросце.