Васіль Парфянкоў у шпіталі ў Адэсе
Да параненага Васіля Парфянкова ва Украіну накіроўваюцца актывісты з Беларусі.
Як паведаміла карэспандэнту Свабоды грамадская актывістка Вольга Мікалайчык, паранены на Данбасе
беларус Васіль Парфянкоў цяпер на лячэнні ў Адэсе. Вольга Мікалайчык спаслалася на звесткі ад украінскай валанцёркі Людмілы, з якой кантактавала праз інтэрнэт.
«Людміла апякуецца Васілём Парфянковым, гэта яна на фатаздымку ў палаце, дзе ляжыць Васіль. Яна напісала, што ён у Адэсе, што яна памыла ягоныя рэчы, купіла яму садавіны і мабільны
тэлефон. Пра ягоны стан напісала, што ногі сур’ёзна параненыя, але жывы будзе і ногі захавае. Маральны стан у яго добры.
Раней былі звесткі, што ён у Днепрапятроўску. Магчыма, там, на Дняпры, яму аказалі першую дапамогу, а потым перавезлі ў Адэсу. Не давяраць гэтай крыніцы ў мяне няма падстаў, да таго ж пакуль
Людміла — адзіная крыніца звестак пра Васіля. Напісала, што можам прыехаць да яго, яна сустрэне і дапаможа. Яму патрэбная дапамога, тым больш статус беларускіх добраахвотнікаў там дагэтуль
няпэўны. Да Васіля ўжо выпраўляюцца актывісты з Беларусі», — паведаміла Вольга Мікалайчык.
Паводле звестак, якія з'явіліся раніцай 18 верасня ў Фэйсбуку, беларускі добраахвотнік Васіль Парфянкоў быў паранены ў баявым сутыкненні пад вёскай Пяскі непадалёк ад Данецку.
Як паведаміла суполка «Згуртаваньне Патрыётаў», 13 верасня ў Пясках каля 14:30 адбыўся бой паміж сепаратыстамі і батальёнам АУН. Былі забітыя тры баевікі, некалькі байцоў АУН
атрымалі раненьні. Сярод іх — Васіль Парфянкоў з пазыўным «Сябра».