Вярхоўны суд прыняў да разгляду справу аб ліквідацыі «Саюза беларускіх пісьменнікаў»

Вярхоўны суд прыняў да разгляду справу аб ліквідацыі «Саюза беларускіх пісьменнікаў». Пазоў на ліквідацыю падало Міністэрства юстыцыі.

sp_1708.png


Апытанне ў Вярхоўным судзе па пазове пройдзе 24 жніўня, паведамляе тэлеграм-канал СБП.

«Саюз беларускіх пісьменнікаў» — гэта гэта найстарэйшае творчае аб'яднанне краіны. Ён быў створаны ў 1933-1934 гадах. З’яўляецца пераемнікам «Саюза пісьменнікаў БССР». СБП актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, спрыяе развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і беларускай мовы.

У 2005 ад яго аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, лаяльны да ўлады, «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

Цяпер у арганізацыю ўваходзяць больш за 450 чалавек.

17 лістапада 2020 года «Саюз беларускіх пісьменнікаў» выступіў з адкрытым зваротам пісьменніцкай супольнасці «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць перамен, а таксама запатрабаваў ад улады прызнаць сваю паразу і прыняць волю народа. Пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў.

14 ліпеня ў офісе грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прайшоў ператрус, у выніку якога Следчым камітэтам РБ была канфіскаваная тэхніка і інфаносьбіты, офіс быў апячатаны. У той жа дзень ператрус адбыўся і кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча, з якога была ўзятая падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні. Пасля вобшуку адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама вынесеныя два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. Адно з іх было ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса.

«Новы час» разам з СБП выдаваў дадатак «Літаратурная Беларусь».