«Выгнаць!» З Чэхіі могуць дэпартаваць кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава
Кіраўніка Беларускай федэрацыі футбола Уладзіміра Базанава дэпартуюць з Чэхіі, калі ён там знаходзіцца. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Чэхіі Якуб Кулганек.
У чэшскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што Базанаў разам з
жонкай адправіўся на выязную гульню жаночай зборнай Беларусі супраць каманды
Чэхіі. Матч пройдзе 30 лістапада ў Апаве. Перад тым спартовы функцыянер ездзіў
з жаночай камандай на Кіпр (гульня скончылася з лікам 1:1), адзначае «Ерарадыё».
Міністр замежных спраў Чэхіі Кулганек заявіў, што яго
ведамства не мае інфармацыі пра знаходжанне Базанава. Прынамсі, чэшскую візу ён
не атрымліваў.
«Калі выявіцца, што ён сапраўды знаходзіцца ў Чэхіі,
будуць прынятыя адпаведныя адміністрацыйныя меры, аж да дэпартацыі. Калі ён
сапраўды тут, яму давядзецца пакінуць Чэхію», — падкрэсліў Кулганек.
Таксама ён дадаў, што, калі Базанаў прыбыў у Чэхію, то
зрабіў гэта не на самалёце.
За выдаленне Базанава з Чэхіі выказаўся і сенатар Томаш
Чэрнін. У твітары ён нагадаў, што ў Беларусі спорт мае выразную палітычную
афарбоўку:
«Пакуль у Беларусі спорт выкарыстоўваецца для таго, што паляпшаць імідж Лукашэнкі, з гэтым неабходна змагацца. Кіраўніку мясцовай футбольнай асацыяцыі Уладзіміру Базанаву няма чаго рабіць у Еўропе. Пазіцыя міністра замежных спраў Кулганека адзіна правільная — выгнаць!».